1 лістапада, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з лістапада на 29,9% выраслі памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Па словах спецыялістаў, пастановай урада зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) у памеры Br574 тыс. 790 - на 29,9% больш за нарматыў, які дзейнічаў з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года (Br442 тыс. 360).
Такім чынам, з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў роўная Br574 тыс. 790, старэйшым за тры гады - Br172 тыс. 440. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці дасягне Br5 млн. 747 тыс. 900, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей беларускія сем'і будуць атрымліваць Br8 млн. 47 тыс. 60. Аднаразовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лістапада бягучага года складзе Br574 тыс.790.
Нагадаем, у Беларусі дзіцячыя дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці з 1 кастрычніка выраслі ўдвая. Гэта прадугледжана ўказам №416 ад 15 верасня бягучага года. На дзяцей, народжаных з 1 кастрычніка, дапамога выплачваецца ў наступных памерах: пры нараджэнні першага дзіцяці - 10 БПМ, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 14 БПМ. Акрамя таго, пры нараджэнні двайнят дадаткова належыць аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці на кожнага з дзяцей у памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (выплата гэтай дапамогі ажыццяўляецца ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства).
У Беларусі сістэмай дзяржаўных дапамог на 1 ліпеня бягучага года былі ахоплены каля 426,1 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (24,4% дзіцячага насельніцтва краіны).
БЕЛТА
Памеры дзіцячых дапамог у Беларусі выраслі з лістапада на 29,9%
1.11.20110 праглядаў