16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Распрацоўку беларускай ID-карткі завершаць на працягу двух гадоў. Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара РУП "Нацыянальны цэнтр электронных паслуг" Сяргей Руднеў падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі", якая прайшла ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, праінфармавалі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.
Сяргей Руднеў распавёў аб тым, як ідзе ў Беларусі рэалізацыя канцэпцыі сэрвісна-разліковай інфармацыйнай сістэмы. Паводле яго слоў, дадзеная сістэма павінна рэальна замяніць папяровы пашпарт грамадзяніна ў выпадку плацяжоў, замовы сацыяльных, транспартных, медыцынскіх паслуг. Такая ID-картка ў перспектыве павінна стаць "унутраным пашпартам грамадзяніна Беларусі", што неабходна для атрымання доступу фізічных асоб да паслуг, якія прадастаўляюцца праз адзіны электронны партал. Дакладчык паведаміў, што работы па стварэнні ідэнтыфікацыйнай карткі будуць завершаны на працягу бліжэйшых двух гадоў.
Для пашырэння доступу насельніцтва да Адзінага партала электронных паслуг у цяперашні час падпісана адпаведная нарматыўная база і вызначаны два інфармацыйных пасярэдніка - РУП "Белпошта" і "Белтэлекам". Такім чынам, грамадзяне змогуць атрымліваць розныя даведкі з дзяржаўных органаў у паштовых аддзяленнях і пунктах калектыўнага карыстання "Белтэлекама", праінфармаваў Сяргей Руднеў.
Сваім вопытам у сферы кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі на канферэнцыі таксама падзяліліся прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Нацыянальнай акадэміі навук, Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, эксперты Акадэміі кіравання, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага інстытута сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел замежныя госці.
Пасля пленарнага пасяджэння была арганізавана работа розных секцый і тэматычных круглых сталоў, прысвечаных, у прыватнасці, тэхналогіям IT-падтрымкі дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый, IT-аўтсорсінгу, эканамічна-матэматычным метадам у кіраванні.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)