27 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Развіццё супольных IT-тэхналогій будзе разгледжана на пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Віцебску 28 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі. Удзельнікі калегіі маюць намер абмеркаваць пытанне развіцця супольных інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій, арганізацыі сувязі і абароны інфармацыі. Размова пойдзе аб уніфікацыі праграмна-тэхнічных рашэнняў, фарматаў абмену і захоўвання інфармацыі, а таксама аб стварэнні сучасных сістэм лічбавай радыёсувязі ў інтарэсах органаў унутраных спраў у памежных абласцях, абмене новымі навучальнымі і навуковымі распрацоўкамі ў разглядаемай сферы. Работы па арганізацыі сістэмы радыёсувязі падраздзяленняў МУС Беларусі і Расіі ўжо праведзены ўздоўж аўтамабільнай чыгуначнай магістралі Масква-Мінск-Брэст. Для інфармацыйнага абмену створаны і эфектыўна функцыянуе Міждзяржаўны інфармацыйны банк. Фарміраванне і выкарыстанне яго цэнтралізаваных аператыўна-даведачных, крыміналістычных і вышуковых улікаў, а таксама статыстычнай і архіўнай інфармацыі ажыццяўляецца МУС (Паліцыяй) дзяржаў - удзельніц СНД. Колькасць уліковых дакументаў, якія змяшчаюцца ў гэтым банку даных, перавышае 72 мільёны. На аб'яднанай калегіі таксама плануецца абмеркаваць розныя аспекты супрацоўніцтва ў процідзеянні экстрэмізму: правядзенне супольных спецаперацый, вучэнняў, магчымасць уніфікацыі заканадаўства. У Беларусі і Расіі ў разглядаемай сферы праваадносін дзейнічае адэкватнае сітуацыі заканадаўства. Так, у красавіку 2012 года ў Расіі ўступіў у сілу закон, якім вызначана, што асобы, якія маюць судзімасць за экстрэмісцкую дзейнасць, не могуць працаваць у сферы адукацыі і выхавання. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў цяперашні час на разглядзе знаходзіцца законапраект, якім прадугледжаны змяненне падыходаў да прыпынення дзейнасці арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца экстрэмісцкай дзейнасцю. Удзельнікі таксама абмяркуюць праект плана работы аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы на 2013 год і падпішуць выніковыя дакументы. У рабоце аб'яднанай калегіі прымуць удзел кіраўнікі беларускага і расійскага МУС Ігар Шуневіч і Уладзімір Калакольцаў.

БЕЛТА