13 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Развіццё транспланталогіі ў рэгіёнах з'яўляецца заканамерным этапам развіцця беларускай транспланталогіі. Такую думку сёння журналістам выказаў галоўны ўрач хірургічнага аддзялення хірургічнай клінікі Тэхнічнага ўніверсітэта Мюнхена доктар медыцыны Эдуард Матэвасян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларуская транспланталогія ўжо паказала свой высокі ўзровень, і мы гатовы аказваць ёй падтрымку на акадэмічным узроўні, дзяліцца новымі тэхналогіямі", - сказаў вучоны. На яго думку, навуковая і тэхнічная база Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, з якой ён паспеў азнаёміцца, дазваляе з упэўненасцю сказаць, што правядзенне некаторых аперацый па перасадцы органаў тут будзе паспяхова асвоена на працягу года-двух. У прыватнасці, гаворка ідзе аб блізкароднасных перасадках ныркі. Яшчэ адным важным аспектам у развіцці рэгіянальнай транспланталогіі павінна стаць пасляаперацыйнае назіранне і догляд за пацыентамі, якія перанеслі падобныя аперацыі.
Разам з тым нямецкі вучоны лічыць, што далейшае развіццё транспланталогіі немагчыма без стварэння прававой базы, стварэння адзінага рэгістру пацыентаў, якія маюць патрэбу ў перасадках, арганізацыі лагістыкі і развіцця донарства.
Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і хірургічная клініка Тэхнічнага ўніверсітэта Мюнхена падпісалі сёння ў Віцебску пагадненне аб супрацоўніцтве. Адным з напрамкаў сумеснай навуковай дзейнасці стане развіццё транспланталогіі.-0-
БЕЛТА
Развіццё транспланталогіі ў рэгіёнах з'яўляецца заканамерным этапам развіцця беларускай медыцыны - нямецкі вучоны
13.3.20120 праглядаў