14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя закона "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, што здзейснілі злачынствы" завершана ў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Усяго пад дзеянне закона трапілі 18 737 асуджаных, якія адбываюць пакаранне ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы. У ходзе выканання амністыі вызвалены ад далейшага адбыцця пакарання з папраўчых устаноў закрытага тыпу 3 059 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу - 1 167 чалавек. Скарочаны тэрмін пакарання на адзін год 6 064 асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах закрытага тыпу, і 893, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Адмоўлена ў прымяненні амністыі 6 198 асуджаным у папраўчых установах закрытага тыпу і 1 356 асуджаным у папраўчых установах адкрытага тыпу. Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, што здзейснілі злачынствы" 9 ліпеня 2012 года. Як і раней, на амністыю не маглі разлічваць асобы, якія асуджаны за здзяйсненне злачынстваў, што ўяўляюць вялікую грамадскую небяспеку. У тым ліку гэта злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, супраць жыцця і здароўя, супраць палавой недатыкальнасці. Амністыя не закранула і тых, у дачыненні да каго прымянялася амністыя або памілаванне з 2005 па 2012 год; хто на дзень уступлення прыгавору ў сілу не адшкодаваў эканамічную шкоду за зробленае (акрамя льготнай катэгорыі); чыё пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання было заменена пажыццёвым зняволеннем. Амністыя не закране злосных парушальнікаў парадку ў папраўчых установах, а таксама тых, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў.-0-

БЕЛТА