19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі рэальная заработная плата работнікаў у 2012 годзе ўзрасце на 5%. Пра гэта паведаміў журналістам міністр фінансаў Андрэй Харкавец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Бюджэт 2012 года нясе ў сабе выдаткі, якія дазваляюць забяспечыць рост рэальнай заработнай платы на ўзроўні 5%, - сказаў міністр. - Гэта значыць, што павышэнне цэн, тарыфаў будзе забяспечана дадатковым ростам заработнай платы або грашовых даходаў насельніцтва не менш чым на 5%".
Для бюджэтнага сектара рэсурсы на гэтыя мэты закладзены, падкрэсліў Андрэй Харкавец. Што тычыцца рэальнага сектара эканомікі, то там, па словах міністра, павінен дзейнічаць прынцып зарабляння грошай. І, безумоўна, уся эканоміка настроена менавіта на гэта, падкрэсліў ён.
Андрэй Харкавец нагадаў аб скарачэнні падатковай нагрузкі. "Мы дазваляем прадпрыемствам з дапамогай падатковых стымулаў больш сродкаў пакідаць у сябе, больш эфектыўна іх выкарыстоўваць, у тым ліку на аплату працы работнікаў, якія ствараюць ВУП", - сказаў міністр фінансаў. Ён удакладніў, што зніжэнне падатковай нагрузкі ацэньваецца ў 0,4% ВУП, або Br2 трлн.-0-
БЕЛТА
Рэальная заработная плата ў 2012 годзе ўзрасце на 5% - А.Харкавец
19.12.20110 праглядаў