1 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Сенсацыйныя адкрыцці зроблены падчас работ, якія вядуць у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку беларускія і расійскія спецыялісты. Пра іх расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА рэстаўратар вышэйшай кваліфікацыі, галоўны мастацтвазнаўца міжрэгіянальнага навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення Міністэрства культуры Расіі Уладзімір Сараб'янаў.
Раскрыты выявы першых рускіх святых пакутнікаў Барыса і Глеба. У гэтым не было б нічога незвычайнага, калі б не час іх выявы - XII стагоддзе, прыкладна праз стагоддзе пасля іх кананізацыі. Да цяперашняга часу самыя раннія выявы святых братоў датаваліся XIII стагоддзем. Як лічыць Уладзімір Сараб'янаў, выява братоў у полацкай царкве мае партрэтнае падабенства. "Барыс і Глеб лічыліся мясцовымі святымі, таму візантыйскім мастакам, якія распісвалі царкву, хутчэй за ўсё, давялося скарыстацца не кананічнымі іканапіснымі выявамі, традыцыя якіх склалася значна пазней, а партрэтамі, якія былі ў Еўфрасінні Полацкай, што знаходзілася з імі ў сваяцтве".
Насупраць сцяны, дзе раскрыты партрэты Барыса і Глеба, знаходзіцца найрэдкая выява святога пакутніка князя Вячаслава (Вацлава) Чэшскага, глыбока шанаванага ў Чэхіі. Яго выяў у праваслаўных храмах няшмат - гэта мясцовы святы. Як сцвярджае Уладзімір Сараб'янаў, у Полацку раскрыта адзіная выява чэшскага святога ў праваслаўных храмах на тэрыторыі Расіі, Украіны і Беларусі. У тым, што яго выява знаходзіцца насупраць пакутнікаў Барыса і Глеба, няма нічога дзіўнага: чэшскі святы князь, таксама як і рускія святыя князі, быў забіты братам. Аднак таямніцай застаецца, чаму святы Вячаслаў з'явіўся ў полацкай царкве. Магчыма, ён быў звязаны нейкімі сваяцкімі сувязямі з полацкім княжацкім домам. З упэўненасцю можна сказаць адно: калі ў Чэхіі даведаюцца пра тое, што ў беларускім Полацку ёсць выява іх нябеснага заступніка, то паток чэшскіх паломнікаў сюды будзе бясконцым, лічыць Уладзімір Сараб'янаў.
*** Поўны тэкст інтэрв'ю выйдзе на стужцы навін і будзе размешчаны на сайце БЕЛТА.-0-
БЕЛТА
Найрэдзейшы вобраз святога Вацлава Чэшскага знойдзены ў Полацку
1.9.20110 праглядаў