17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі не патрэбны рэформы ў выглядзе прыватызацыі за бясцэнак найлепшых прадпрыемстваў краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на прэс-канферэнцыі для цэнтральных і рэгіянальных беларускіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў апошні час часта чутны размовы аб неабходнасці правядзення ў Беларусі нейкіх рэформ. "Калі нам прапанаваў нехта крэдыт, нам кажуць: трэба рэфармаваць беларускую эканоміку. Вы ведаеце, што яны мелі на ўвазе, - сказаў Прэзідэнт. - У нас сёння вельмі шмат дзяржаўных прадпрыемстваў і занадта шмат дзяржаўных пакетаў акцый у акцыянерных таварыствах. Нам кажуць: рэформа - гэта прыватызацыя, прадаць прадпрыемства".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён не выступае супраць прыватызацыі. "Але калі б гэта была ваша ўласнасць або вы былі б на маім месцы, вы б падумалі: так, прадаць можна, але даражэй. Затанна ніхто не прадасць", - канстатаваў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь гатова прадаць нават адно з самых каштоўных прадпрыемстваў - "Беларуськалій", рэнтабельнасць якога, па словах Прэзідэнта, складае ад 70% да 100%. "Мы нават гэта прадпрыемства гатовы прыватызаваць. Умовы прапісаны: каб яно развівалася, каб яго не зачынілі, каб работнікі атрымлівалі кожны год большы заробак, сацыяльна былі абаронены, і галоўнае - каб гэта прадпрыемства мадэрнізавалася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цана продажу "Беларуськалія" ўжо называлася - $30 млрд. "Я назваў суму - $30 млрд. Прыходзьце, будзем вырашаць. Калі ў вас $12 млрд., прадаю 40% (акцый "Беларуськалія". - Заўвага БЕЛТА)", - паабяцаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ведае тых, хто сёння точыць зубы на беларускія прадпрыемствы. Прычым цікавасць уяўляюць перш за ўсё такія, як "Беларуськалій", МАЗ, БМЗ, БелАЗ, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. У свой час яны былі мадэрнізаваны за кошт дзяржавы і сёння з'яўляюцца аднымі з найлепшых у Еўропе. "На дрэннае ніхто не будзе тачыць зубы. Таму пад рэформамі ў нас разумеюць перш за ўсё ад дзяржавы забраць, аддаць прыватніку, а калі і прадаць - за адзін долар або па маленькай цане", - лічыць Прэзідэнт. Ён падкрэсліў: "Такая прыватызацыя нам не патрэбна".-0-
БЕЛТА
Рэформа ў выглядзе прыватызацыі найлепшых прадпрыемстваў за бясцэнак Беларусі не патрэбна – А. Лукашэнка
17.6.20110 праглядаў