24 чэрвеня, Ліда /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Рэгіянальныя кантакты становяцца найважнейшым складнікам развіцця знешнеэканамічных адносін. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве і Фінляндыі Уладзімір Дражын, які прымае ўдзел у шостай рэгіянальнай прэзентацыі-выставе "Ліда-рэгіён-2011", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лідскі рэгіён сёння лідзіруе ў Гродзенскай вобласці па развіцці гандлю з Літвой. Тут рэалізуецца шмат праектаў, якія даюць магчымасць і вырабляць, і прадаваць", - адзначыў суразмоўца. Ён паведаміў, што ў найбліжэйшай перспектыве плануецца стварыць шэраг новых супольных вытворчасцей як у Літве, так і ў Беларусі, што дазволіць далей развіваць двухбаковыя адносіны.
"Сёння мы назіраем унікальную карціну, калі развіццё рэгіянальных адносін дазваляе на ўзроўні прыкладна 30-40% павялічыць аб'ём знешняга гандлю. За пяць месяцаў гэтага года аб'ём знешнегандлёвага абароту паміж Літвой і Беларуссю павялічыўся амаль на 70%. Аналіз паказвае, што абсалютная большасць паказчыкаў знешнеэканамічнага супрацоўніцтва прырастае менавіта за кошт развіцця адносін рэгіёнаў", - сказаў Уладзімір Дражын. Ён дадаў аб важнасці ўступлення ў сілу ў найбліжэйшай будучыні пагаднення аб малым памежным руху. Ліда таксама ўваходзіць у 50-кіламетровую зону бязвізавага рэжыму.
Уладзімір Дражын адзначыў, што літоўскі бок перш за ўсё цікавяць супольныя праекты ў машынабудаванні, будаўніцтве, у сферы паслуг: прыдарожнага сэрвісу, гандлю, гасцінічнага бізнесу. Ён падкрэсліў, што эканамічная сітуацыя, якая складваецца, не спыніла двухбаковы працэс супрацоўніцтва. Сведчаннем з'яўляецца той факт, што за першы квартал бягучага года аб'ём літоўскіх інвестыцый у Беларусь павялічыўся ў тры разы і склаў амаль $30 млн.-0-
БЕЛТА
Рэгіянальныя кантакты становяцца найважнейшым складнікам развіцця знешнеэканамічных адносін - У.Дражын
24.6.20110 праглядаў