Абласныя выбарчыя камісіі 17 кастрычніка завяршаюць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, паведамляе БЕЛТА.

Перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка пасля рэгістрацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Як праінфармавалі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, усе кандыдаты па Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, а таксама па горадзе Мінску атрымаюць магчымасць выступіць на тэлеканале "Беларусь 3", а па Мінскай вобласці – на СТБ.

Выступленні кандыдатаў у дэпутаты па ТБ і радыё пачнуцца 21 кастрычніка і пройдуць у працоўныя дні па 6 лістапада. Працягласць кожнага абмежавана пяццю хвілінамі. Па тэлебачанні яны будуць транслявацца ў вячэрні прайм-тайм – з 19.00 да 20.40. "Выключэнне - 22 і 29 кастрычніка, калі эфірны час прадастаўляецца з 19.00 да 19.30, з улікам сеткі вяшчання тэлеканала "Беларусь 3", - удакладнілі ў прэс-службе медыяхолдынг. Тут нагадалі, што эфір усім удзельнікам палітычнай гонкі прадастаўляецца бясплатна і падкрэслілі, што выкарыстанне ў выступленнях аўдыё- і відэаматэрыялаў не дапускаецца.

Радыёвыступы можна будзе паслухаць з 7.00 да 8.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеліць "Радыё-Мінск", па Мінскай вобласці - радыёстанцыя "Мінская хваля". Тым, хто будзе вылучацца па іншых абласцях, час прадаставяць адпаведныя абласныя тэлерадыёкампаніі.

Для тэледэбатаў эфірны час рэзервуецца з разліку не больш пяці хвілін аднаму кандыдату. Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядучага вызначаюць тэлерадыёкампаніі.

Сваю перадвыбарную праграму прэтэндэнты на месцы ў парламенце маюць права апублікаваць альбо ў адной з рэспубліканскіх газет ("Звязда", "Рэспубліка"), альбо адпаведнай абласной газеце, альбо ў выдаваных на тэрыторыі іх акругі раённых, гарадскіх газетах. Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней 27 кастрычніка.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)