Рэгістрацыя кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдзе ў Беларусі 9-13 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА.
Да гэтага часу ва ўсіх абласцях і Мінску адбылося вылучэнне прэтэндэнтаў на месцы ў верхняй палаце парламента. Такім правам валодаюць прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведныя выканкамы, а ў сталіцы - прэзідыум Мінгарсавета і Мінгарвыканкам.
Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК кандыдатах у сенатары праходзіць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, Мінгарсавета. Абраным лічыцца кандыдат, які набраў больш за палову галасоў.
Савет Рэспублікі - палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Парадак яго фарміравання спалучае элементы выбарнасці і прызначэння. Па восем членаў абіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска шляхам тайнага галасавання, яшчэ восем сенатараў прызначае Прэзідэнт. Усяго ў склад верхняй палаты парламента ўваходзіць 64 чалавекі.
Выбары ў Савет Рэспублікі прызначаны на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў - на 17 лістапада.