18 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэйтынг гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці ўзначальваюць Наваполацк, Орша і Бешанковіцкі раён, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Па выніках рэйтынгавай ацэнкі дзейнасці старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў па выкананні даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця першае месца заняў Наваполацк, другое - Орша, трэцяе - Наваполацк. Па паказчыках сельскай гаспадаркі тройку лідараў узначальваюць Бешанковіцкі раён, Верхнядзвінскі і Аршанскі раёны. На пачатку бягучага года старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец даручыў распрацаваць сістэму ацэнкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў і гарадоў вобласці і зыходзячы з гэтага рабіць высновы аб выніковасці працы мясцовай вертыкалі ўлады. Шкала ацэнкі ўключае больш за чатыры дзясяткі паказчыкаў, якія характарызуюць эканамічнае, фінансавае становішча, абстаноўку ў сацыяльнай сферы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Напрыклад, для ўсебаковай ацэнкі знешнеэканамічнай дзейнасці ўведзена чатыры крытэрыі. Становішча ў сацыяльнай сферы разглядаецца зыходзячы са стану спраў з правапарушэннямі, з траўматызмам на вытворчасці. Праца са зваротамі грамадзян і дынаміка абгрунтаваных скаргаў таксама ўвайшлі ў лік ацэньваных. У студзені-лістападзе бягучага года абагульняючы параметр эканамічнай дзейнасці вобласці - валавы рэгіянальны прадукт склаў 107,7%, паведамілі ў камітэце эканомікі. Па выніках 2012 года гэты паказчык чакаецца на ўзроўні 112% да ўзроўню мінулага года. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ і паслуг) у разліку на аднаго працаўніка ў 2012 годзе складзе амаль $58 тыс. Складскія запасы ў вобласці не перавышаюць 30% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Гэта прыкладна ў 2 разы менш, чым у сярэднім па рэспубліцы.-0-

БЕЛТА