10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкламныя гульні ў Беларусі з 10 студзеня будуць праводзіцца па новых правілах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве гандлю.

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 кастрычніка 2013 года № 458 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2003 года №51".

Дакумент змяняе правілы правядзення рэкламных гульняў у Беларусі і накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў спажыўцоў, а таксама выключэнне магчымых злоўжыванняў з боку арганізатараў такіх гульняў.

Устаноўлена новая працэдура рэгістрацыі рэкламных гульняў, з якой можна азнаёміцца на сайце Міністэрства гандлю ў раздзеле "Рэкламная дзейнасць" / "Рэкламныя гульні" у падпункце "Дзяржаўная рэгістрацыя рэкламных гульняў".

Таксама ўказам уводзіцца забарона на ўдзел у рэкламнай гульні асоб, якія складаюцца ў працоўных адносінах з яе арганізатарам, а таксама іх мужа (жонкі), блізкіх сваякоў і асоб, якія знаходзяцца з такімі асобамі ў адносінах свойства.

Удакладняецца парадак фарміравання прызавога фонду рэкламнай гульні і выкарыстання гэтага фонду, у тым ліку грашовых сродкаў, тавараў (работ, паслуг), не запатрабаваных пераможцамі ў якасці выйгрышу. З моманту фарміравання прызавога фонду да заканчэння яго розыгрышу арганізатар і зацікаўленыя асобы не маюць права распараджацца прызавым фондам. Сродкі фонду павінны выкарыстоўвацца толькі па мэтавым прызначэнні.

Закрэпліваецца, што адпраўка смс-паведамлення або паштовага адпраўлення, прадугледжаная правіламі рэкламнай гульні, павінна ажыццяўляцца па мінімальных тарыфах на гэты від паслугі. Гэтая норма дазволіць выключыць атрыманне арганізатарамі рэкламных гульняў беспадстаўных даходаў ад павышэння тарыфаў на паслугі сувязі.

У адпаведнасці з указам на арганізатара ўскладаецца адказнасць за дакладнасць прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні дакументаў і звестак, а таксама за дапушчаныя камісіяй, створанай для правядзення рэкламнай гульні, парушэнні заканадаўства, выяўленыя пры правядзенні такой гульні.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)