Рэканструкцыя вызвалення гарадскога пасёлка Бешанковічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пройдзе 26 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Узрэчча", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

У праграме рэканструкцыя пераправы на лодках праз Заходнюю Дзвіну, захопу чырвонаармейцамі берага, баі і перастрэлкі з выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў. У аднаўленні падзей тых гадоў возьмуць удзел каля 60 рэканструктараў з Беларусі і Расіі. Падчас мерапрыемства для жыхароў арганізуюць інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны.

На мемарыяльным комплексе "Узрэчча" ў аднайменнай вёсцы знаходзяцца помнік і брацкая магіла, у якой пахаваны больш за 200 чырвонаармейцаў, якія загінулі пры вызваленні Бешанковіцкага раёна. Сярод іх восем герояў Савецкага Саюза. Чакаецца, што 26 чэрвеня на ўрачыстыя мерапрыемствы прыедуць сваякі загінулых салдат, якія пахаваны на тэрыторыі мемарыяла.

Арганізатарамі рэканструкцыі выступаюць Віцебскае абласное грамадскае аб'яднанне ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Таварышы па зброі" і Бешанковіцкі райвыканкам.


Навіны Беларусі (БЕЛТА)