31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэкордная за ўсе гады метэаназіранняў вышыня снегу зафіксавана 31 кастрычніка ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер-сіноптык Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Барадзёнак. Абільныя снегапады, якія прайшлі на тэрыторыі вобласці ў мінулыя дні і асабліва магутныя 30 кастрычніка, прынёс паўднёвы цыклон. У выніку па стане на раніцу 31 кастрычніка, вышыня снежнага покрыва павялічылася ў сярэднім на 6-20 см, дасягнуўшы 12-26 см. У абласным цэнтры сённяшні дзень абнавіў рэкорд вышыні снежнага покрыва за ўсе гады метэаназіранняў: ён склаў 18 см, на 11 см перавысіўшы вынік вымярэнняў 1966 года. У разрэзе рэгіёнаў вобласці найбольшая вышыня снегу зафіксавана ў Лепелі (26 см) і Полацку (20 см), найменшая ў 4 см - у Шаркаўшчыне. Правакацыйнасць надвор'я не ўлічылі не толькі аўтааматары, аварыі з якімі з-за ўмоў надвор'я ў гэтыя дні ўзраслі, але і пешаходы. Так, у траўматалагічны пункт Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі з 30 кастрычніка па стане на раніцу 31 кастрычніка з траўмамі звярнуліся больш за 190 чалавек, што ў 2 разы перавышае звычайны ўзровень зваротаў. У асноўным зафіксаваны пераломы рук і ног, пашкоджанні звязак каленнага сустава, галёнкі. У сувязі з гэтым урачы рэкамендуюць усім быць больш асцярожнымі, выбіраць абутак і адзенне па надвор'і. Па прагнозах сіноптыкаў, 1 лістапада характар надвор'я ў рэгіёне пачне мяняцца ў бок восеньскага. Абільныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу, які пераходзіць у дождж, чакаюцца ў Віцебску ў пятніцу. -0-

БЕЛТА