15 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэлігія з'яўляецца стрыжнем культуры любой цывілізацыі, і ў гэтым плане хрысціянская царква - і праваслаўная, і каталіцкая - служаць перш за ўсё чалавеку. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта "МИТСО" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Веніямін Космач.
Вельмі важна, што на беларускай зямлі працяглы час захоўваецца міжканфесійны мір, гэта з'яўляецца прыярытэтам палітыкі беларускай дзяржавы. Калі зірнуць у глыб гісторыі, то так было не заўсёды, напрыклад, у Сярэднявеччы канфесійныя адносіны былі палітызаваны, нагадаў вучоны. Сёння грамадства жыве ў іншых рэаліях, пры гэтым кіраўнік дзяржавы, урад і мясцовыя органы ўлады, а галоўнае - велізарная маса простых людзей, вернікаў разам са свяшчэннаслужыцелямі працуюць як раз на згоду, падкрэсліў Веніямін Космач. Мудрыя словы нашых іерархаў аб тым, што трэба шукаць шляхі для збліжэння, а не нагоды для процістаяння, знаходзяць гарачы водгук і служаць кіраўніцтвам да дзеяння для беларусаў, адзначыў вучоны.
Хрысціянская царква, у тым ліку праваслаўная і каталіцкая, з'яўляючыся стрыжнем культуры, выконвае місію па служэнні чалавеку, асобе, выхаванні культурнага грамадзяніна і чалавека. "На мой погляд, нашы найбольш масавыя хрысціянскія канфесіі вельмі добра спраўляюцца з гэтай місіяй", - лічыць Веніямін Космач.
Задачы, якія стаяць сёння перад грамадствам, можна вырашаць з апорай на культурныя традыцыі, і тут надзейнымі партнёрамі дзяржавы выступаюць рэлігійныя арганізацыі. У гэтым кантэксце лагічнымі падзеямі з'яўляюцца візіты ў Беларусь старшыні Папскага савета па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству Курта Коха, а таксама ігумена Ватапедскага манастыра Святой гары Афон архімандрыта Ефрэма. "Гэта вельмі правільна, бо прыгажосць і развіццё - у разнастайнасці, а не ў аднастайнасці, таму прыемна, што гэта разумеюць улады Беларусі і вельмі беражліва ставяцца да партнёрства з рэлігійнымі арганізацыямі", - адзначыў Веніямін Космач.-0-
БЕЛТА
Рэлігія з'яўляецца стрыжнем культуры любой цывілізацыі - вучоны
15.11.20110 праглядаў