22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рашэнне аб увядзенні ў Беларусі дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію можа быць прынята ў лістападзе 2012 года. Пра гэта паведаміў 19 кастрычніка журналістам міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апераджальнымі тэмпамі ісці павышэнне не будзе, спачатку павысіцца заработная плата, а ўжо потым будуць уводзіцца дыферэнцыраваныя тарыфы. Першае павышэнне па гэтай праграме намячаецца ў чацвёртым квартале, я думаю, канчатковае рашэнне будзе прынята ў лістападзе", - заявіў Аляксандр Азярэц. Пры гэтым сацыяльныя групы насельніцтва, якія трэба абараніць, будуць абаронены, гэтыя пытанні прапрацоўваюцца, дадаў міністр энергетыкі.
Увядзенне дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію - актуальнае і максімальна абмяркоўванае пытанне, канстатаваў Аляксандр Азярэц. "Пры вывучэнні гэтай праблематыкі на працягу года былі прапрацаваны і выпрацаваны розныя варыянты, каб гэта не стала стрэсам для насельніцтва. Натуральна, цалкам тут разглядаецца пытанне абароненасці насельніцтва, і фактычна сёння мы гаворым аб тым, што неабходна павышаць тарыфы для насельніцтва, але ўзважана і збалансавана, а не так, як пішуць у газетах", - адзначыў міністр энергетыкі.
На першым этапе для абанентаў будуць уводзіцца дыферэнцыраваныя тарыфы з пэўнай сацыяльнай квотай у памеры ад 150 кВт.г да 250 кВт.г у месяц у залежнасці ад тыпу пліты - газавая або электрычная. "Тут сацыяльна абаронены дзяржавай тарыф", - растлумачыў Аляксандр Азярэц. На 300-400 кВт.г звыш гэтага тарыф будзе павышаны на ўзроўні 30%. За астатнюю выкарыстаную электраэнергію аплата будзе праводзіцца па сабекошце.
"Калі адна сям'я спажывае ў месяц 300 кВт.г, а другая сям'я - 1,5 тыс. кВт.г, то сацыяльныя ільготы сёння другая сям'я перабірае ў пяць разоў. Павінна быць сацыяльнае роўнасць, справядлівасць пры спажыванні электрычнай энергіі", - лічыць міністр энергетыкі.-0-
БЕЛТА
Рашэнне аб увядзенні ў Беларусі дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію будзе прынята ў лістападзе
22.10.20120 праглядаў