30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская патрыятычная акцыя "Дзякуй за Перамогу!" стартавала сёння на плошчы Перамогі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ветэраны, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і іншых грамадскіх арганізацый, фіналісткі міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна - 2013", удзельнікі міжнароднага аўтапрабегу на рэдкіх аўтамабілях ГАЗ "Перамога" ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі і вянкі да манумента Перамогі і Вечнага агню.

"Сёння спрабуюць пераасэнсаваць вельмі многія каштоўнасці, у тым ліку і Вялікую Перамогу. Аднак праекты, якія падтрымліваюцца дзяржавай і грамадскай ініцыятывай, дапамагаюць захаваць лепшыя, спрадвечна беларускія традыцыі і каштоўнасці, якія дазволілі выстаяць у найцяжэйшыя гады вайны", - сказаў першы сакратар ЦК ГА "БРСМ", намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Бузоўскі, які прыняў удзел у старце акцыі.

У ходзе мітынгу на плошчы Перамогі моладзь павіншавала ветэранаў з надыходзячым святам і прадставіла партрэты "Героі Перамогі" - плакаты з выявамі Герояў Савецкага Саюза часоў ВАВ, ураджэнцаў Беларусі.

Таксама сёння на адкрытай пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі пройдзе першы фестываль паветраных змеяў "Тэхнаэнергія".

Рэспубліканская патрыятычная акцыя "Дзякуй за Перамогу!" праводзіцца з 30 красавіка па 9 мая ў рамках святкавання Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Запланаваны Вахты памяці, мітынгі, творчыя фестывалі, конкурсы патрыятычнай песні, моладзевыя форумы, віншаванні ветэранаў, аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі ўдзельнікам ВАВ і іншыя мерапрыемствы. Сімвалам акцыі з'яўляецца чырвоная зорка з надпісам "Дзякуй за Перамогу!", якой у гэтыя дні упрыгожваюць дамы і кватэры, дзе жывуць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Праект закліканы выхаваць нацыянальную і грамадзянскую самасвядомасць маладых людзей, прывіць моладзі павагу да герояў і іх подзвігаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" і ГА "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя".-0-