У ходзе акцыі інспектары ДАІ Віцебскага аблвыканкама і спецыялісты аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і ВГП Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя раздавалі ўдзельнікам дарожнага руху святлоадбівальныя элементы, тэсты для правядзення самастойнага тэсціравання на ВІЧ, інфармацыйныя матэрыялы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.

– Напярэдадні Дня прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, які адзначаецца 1 снежня, Міністэрствам унутраных спраў і Рэспубліканскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі такія мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх абласных цэнтрах і горадзе Маладзечна, – патлумачыла загадчыца аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парентеральных вірусных гепатытаў абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Ананьева. – Галоўная мэта – гэта інфармаванне насельніцтва, матывацыя на больш бяспечныя паводзіны, веданне свайго ВІЧ-статусу і, натуральна, на здаровы лад жыцця.

... Супрацоўнікі ДАІ Віцебскага аблвыканкама маёр міліцыі Юлія Камінская, старшы лейтэнант міліцыі Мікіта Семянкоў, старшы лейтэнант міліцыі Марыя Федосава выбарачна спыняюць удзельнікаў дарожнага руху. Прапануюць паўдзельнічаць у акцыі, адказаць на пытанні спецыялістаў. Высвятляецца, што некаторыя з кіроўцаў памыляюцца, лічачы, што моладзь больш схільная да інфікавання ВІЧ. Медыцынская статыстыка кажа пра тое, што гэта захворванне часцей рэгіструецца ў людзей ва ўзросце 30 – 49 гадоў. Многія з апытаных добра інфармаваныя аб мерах засцярогі і шляхах перадачы інфекцыі. Удзельнікам акцыі ўручаюць сувеніры, тэсты для правядзення самастойнага тэсціравання на ВІЧ, інфармацыйныя матэрыялы, флікеры.

Тэсціраванне па прапанаваным наборы (яго, дарэчы, можна набыць і ў аптэцы), тлумачыць Валянціна Ананьева, дае арыентыровачны вынік для таго, каб ацаніць свае рызыкі ў плане інфікавання, калі нешта турбуе. Далей, у выпадку станоўчага паказчыка, ужо варта абследавацца ў спецыялістаў. Канчатковы дыягназ можа быць пастаўлены толькі ў выніку тэсціравання па крыві.

Што тычыцца абстаноўкі па ВІЧ, можна гаварыць аб пэўнай стабілізацыі працэсу, лічыць спецыяліст.

Ситуацыя ў нашай вобласці адна з найбольш спрыяльных. З 1990 года па 1 лістапада 2025 года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана 2130 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі; 1533 чалавекі, якія жывуць з ВІЧ. За 10 месяцаў бягучага года выяўлена 78 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўлена ВІЧ-інфекцыя ў 2025 годзе, – людзі ва ўзроставай групе 30 – 59 гадоў (79,4 %). За ўвесь час назірання асноўным шляхам заражэння з'яўляецца палавы – 84 %. За 10 месяцаў 2025 года інфікаванне палавым шляхам адбылося ў 89,7 % выпадкаў.

– Дэвіз Дня прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі ў бягучым годзе «Пераадольваючы цяжкасці, змяні стратэгію» заклікае ўтрымаць дасягненні мінулых гадоў у галіне процідзеяння распаўсюджванню дадзенага захворвання, – кажа Валянціна Ананьева. – Перад намі стаіць задача максімальнага выяўлення ВІЧ-інфекцыі на раннім тэрміне. У такім выпадку строгае выкананне прызначанага лячэння, захаванне схемы, прапанаванай урачом, дыспансернае назіранне прыводзяць да таго, што вірусная нагрузка падае да невызначальнага ўзроўню. Акрамя таго, што паляпшаецца якасць жыцця пацыента, важным момантам з'яўляецца прафілактыка. Поўнага вылячэння няма, але колькасць віруса зніжаецца да такога ўзроўню, што чалавек не з'яўляецца крыніцай інфекцыі.

Лячэнне і абследаванне на ВІЧ даступныя і бясплатныя. Але адзіным пытаннем застаецца фарміраванне прыхільнасці да своечасовага лячэння, якое прывядзе да таго, што з грознай інфекцыяй можна жыць як з іншымі хранічнымі захворваннямі звычайным жыццём да старасці.

vitebsk-region.gov.by