Сёння да марафону дабра далучыліся намеснік старшыні райвыканкама Вераніка Хомбак і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Азаронак
Сваю ўвагу і клопат землякі адрасавалі наведвальнікам аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту "Святліца". Душэўны візіт не абышоўся без сюрпрызаў - для бабуль і дзядуляў былі перададзены падарункі ад "Лепелькi" і кулінарнай майстэрні ТЦСАН. Таксама парадавалі сваёй творчасцю навучэнцы Бароўскай школы.Госці павіншавалі пажылых жыхароў аддзялення з Новым годам і Калядамі, а тых, хто кожны дзень клапоціцца пра іх здароўе і дабрабыт, – са скорым Днём сацыяльнага работніка.
Мы прыехалі павіншаваць вашу вялікую сям'ю. Моцнага вам усім здароўя, дабрабыту, цікавых падзей і мірнага неба над галавой, увагі вашых родных і блізкіх, дзяржавы, якая сапраўды памятае пра кожнага жыхара нашай краіны, - адрасаваў цёплыя словы віншаванняў Віктар Азаронак.
Як адзначыла Вераніка Хомбак, такія сустрэчы дораць цяпло і радасць зносін не толькі паважанаму старэйшаму пакаленню, але і гасцям, прычым у значна большай ступені.
Ваша адкрытасць, шчырасць душы і спачуванне, шырокі кругагляд зараджаюць нас энергіяй, надаюць сілы і творчасці ў працы, робяць багацейшымі духоўна. Такія сустрэчы дапамагаюць умацоўваць каштоўнасці нашага народа – клопат пра старэйшае пакаленне, – дадала Вераніка Аляксандраўна.
Нагадаем, акцыя "Ад усёй душы" праходзіць у нашай краіне па ініцыятыве Прэзідэнта. Яе галоўная задача - акружыць клопатам і ўвагай нашых пажылых грамадзян напярэдадні светлых святаў.