12 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэспубліканскія спаборніцтвы санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны пройдуць 13 жніўня ў Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным упраўленні МНС.
Турнір праводзіцца ў чацвёрты раз і збярэ прадстаўнікоў сямі каманд з усіх абласцей, якія сталі пераможцамі адборачных тураў у рэгіёнах. Для выяўлення наймацнейшага дружынам, у складзе кожнай з якіх 14 чалавек, трэба будзе прайсці выпрабаванні на пяці этапах. Першапачаткова судзейская камісія праверыць аснашчэнне санітарных дружын і ўменне асабовага складу карыстацца экіпіроўкай. Далей добраахвотнікам будзе прадастаўлена магчымасць паказаць навыкі аказання першай дапамогі пры камбінаваным паражэнні пацярпелых (розныя траўмы і іншыя пашкоджанні), уменне працаваць з пацярпелымі ў ачагу хімічнага паражэння, а таксама дзейнічаць у ачагу інфекцыйнага паражэння. Завяршальным этапам стане праверка тэарэтычных ведаў асабовага складу санітарных фарміраванняў.
Па выніках выпрабаванняў будзе вызначана лепшая санітарная дружына Беларусі, якая ў якасці ўзнагароды атрымае кубак і каштоўны прыз. Акрамя таго, арганізатары заснавалі заахвочвальныя прызы лепшаму санітарнаму звену і лепшаму камандзіру санітарнай дружыны.
Асноўнымі мэтамі правядзення спаборніцтваў з'яўляюцца ўдасканаленне тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны прадпрыемстваў і арганізацый, праверка стану гатоўнасці дружын да дзеянняў пры ўзнікненні розных надзвычайных сітуацый, а таксама распаўсюджванне перадавога вопыту ў падрыхтоўцы такіх фарміраванняў.
Арганізатарам спаборніцтваў выступае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пры падтрымцы добраахвотнага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа" і БФСТ "Дынама".-0-
БЕЛТА
Рэспубліканскія спаборніцтвы санітарных дружын пройдуць 13 жніўня ў Наваполацку
12.8.20100 праглядаў