Міністэрства адукацыі Беларусі і кампанія МТС абвясцілі аб старце II Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў "Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу", паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Міністэрства адукацыі Беларусі і кампанія МТС абвясцілі аб старце II Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў "Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу", паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Галоўная мэта мерапрыемства - пошук і падтрымка крэатыўных адукацыйных праектаў. Прапанаваць свае ідэі могуць навучэнцы 8-11 класаў і студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў (да 23 гадоў).

Як адзначыў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінпрасвету Павел Ліс, менавіта адукацыя вызначае вектар развіцця сучаснага грамадства, таму адукацыйная сістэма павінна быць найбольш чулай да інавацый, якія адбываюцца ў сферы інфармацыйных тэхналогій. "Лічбавая трансфармацыя, якая ахапіла ўсе сферы грамадскага жыцця, ставіць нас перад неабходнасцю не проста прыстасоўвацца да змен, а быць актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйных працэсаў. Дадзены конкурс дазваляе навучэнцам праявіць сябе з творчага боку і, што асабліва важна, спрыяе фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі маладых людзей, бо іх праекты могуць рэальна паўплываць на тое, што адбываецца ў сферы адукацыі", - сказаў ён.

Прыём праектаў працягнецца па 16 лістапада. Конкурс пройдзе ў тры этапы: збор праектаў і ацэнка журы, паўфінал і праца з ментарамі, фінал і абарона праектаў. Прадстаўленыя работы будуць ацэньваць у чатырох намінацыях: "Лепшы інавацыйны праект для навучэнцаў і студэнтаў", "Лепшы інавацыйны праект для бацькоў", "Лепшы інавацыйны праект для педагогаў", "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект".

Па словах кіраўніка камерцыйнага дэпартамента МТС Мікалая Булаша, сёлета чакаецца высокі інтарэс да мерапрыемства. "У 2016 годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 200 чалавек, экспертная група разгледзела і ацаніла больш за 50 праектаў, 13 з якіх прайшлі ў фінал. У гэты раз мы чакаем не менш работ. Падобная адукацыйная ініцыятыва - добры прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства, у выніку якога кампанія МТС і Міністэрства адукацыі інвестуюць у будучае развіццё краіны, падтрымліваючы перспектыўныя праекты нашай моладзі. Варта адзначыць, што ўсе пераможцы конкурсу могуць разлічваць у будучыні на экспертную падтрымку як з боку нашай кампаніі, так і з боку іншых буйных кампаній-ментораў конкурсу, задзейнічаных у сферы мабільных тэхналогій, IT і адукацыі", - запэўніў ён.

Конкурс праводзіцца ў рамках пагаднення, заключанага паміж мабільным аператарам і Міністэрствам адукацыі Беларусі 27 чэрвеня. Партнёрам выступае кампанія Huawei. Аўтары лепшых праектаў не толькі змогуць увасобіць свае ідэі ў жыццё, але і атрымаюць каштоўныя падарункі.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)