20 кастрычніка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года" пачаўся ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно.
"Традыцыйны педагагічны агляд лепшых з лепшых праводзіцца не толькі з мэтай выяўлення таленавітых педагогаў, але і для таго, каб эфектыўныя педагагічныя тэхналогіі і напрацоўкі сталі даступныя і ўкаранёны ў большасці навучальных устаноў краіны", - сказаў Казімір Фарыно. Адным з крытэрыяў адбору кандыдатаў будзе іх гатоўнасць дапамагчы фарміраванню ў навучэнцаў сацыяльнай, ідэалагічнай, маральнай гатоўнасці да сацыяльнага жыцця і прафесійнай дзейнасці ў сучасных умовах.
На першым этапе конкурсу, які працягнецца да 25 снежня, адбудзецца агляд талентаў ва ўстановах адукацыі. Другі этап - гарадскія і раённыя конкурсы - будзе праведзены да 19 лютага 2011 года. Трэці - абласныя і Мінскі гарадскі конкурсы - адбудзецца да 30 красавіка наступнага года. Чацвёрты этап уключае два туры - фінал і суперфінал. Плануецца, што завяршальны этап конкурсу адбудзецца ў верасні 2011 года. Пераможцу па традыцыі будзе ўручаны "Крыштальны журавель".
Як адзначыў Казімір Фарыно, на ўсіх этапах настаўнікаў чакаюць складаныя выпрабаванні - творчае самапрадстаўленне, відэаўрок, анкетаванне, тэсціраванне на праверку ведаў у галіне педагогікі і псіхалогіі, адкрытыя ўрокі ў класе са знаёмым і незнаёмым калектывам навучэнцаў, педагагічныя саветы, пасяджэнні саветаў школ, атэстацыйныя камісіі, метадычныя аб'яднанні творчых груп педагогаў, адкрытыя лекцыі. Трэба будзе ім таксама выстаяць у педагагічным брэйн-рынгу і прадставіць на абарону адукацыйныя праекты. -0-
БЕЛТА
Рэспубліканскі конкурс "Настаўнік года" стартаваў у Беларусі
20.10.20100 праглядаў