Рэспубліканскі маніторынг работы дзяржорганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб пройдзе ў Беларусі з 28 лістапада па 2 снежня
25.11.20110 праглядаў
25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, Генпракуратурай і Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі правядзе з 28 лістапада па 2 снежня рэспубліканскі маніторынг работы дзяржорганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Маніторынг пройдзе ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Адміністрацыі Прэзідэнта.
У гэты перыяд ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі будуць працаваць сем міжведамасных рабочых груп пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Макея (Мінск), дзяржсакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава (Мінская вобласць), старшыні КДК Аляксандра Якабсона (Гомельская вобласць), генпракурора Аляксандра Канюка (Гродзенская вобласць), намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыя Міцкевіча (Брэсцкая вобласць), намесніка старшыні КДК Аляксандра Агеева (Магілёўская вобласць) і намесніка генпракурора Мікалая Кукліса (Віцебская вобласць).
Кіраўнікі і члены міжведамасных груп выедуць у раёны, правядуць прыёмы грамадзян, сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі і правераць, як выконваюцца на месцах даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя 9 лістапада 2010 года на нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці работы са зваротамі грамадзян. "Улічваючы, што з дня нарады і падпісання пратакола даручэнняў прайшоў год, у цэнтры ўвагі будуць пытанні эфектыўнасці і аператыўнасці рашэнняў, якія прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па найбольш актуальных і прыярытэтных праблемах жыццядзейнасці насельніцтва", - адзначылі ў Адміністрацыі.
Члены рабочых груп засяродзяць увагу на найбольш вострых пытаннях, на якія ўказваў кіраўнік дзяржавы падчас нарады. Гэта дазволіць не толькі вырашыць канкрэтныя праблемы людзей, але і, што асабліва важна, высветліць, якія механізмы і дзе не спрацоўваюць, у чым крыюцца прычыны росту колькасці зваротаў грамадзян.
Акрамя таго, падчас маніторынгу будзе праходзіць вывучэнне праблем, якія хвалююць насельніцтва, і іх вырашэнне ў межах наяўных магчымасцей. Кіраўнікі груп і іх намеснікі правядуць інспекцыі найбольш праблемных аб'ектаў, выедуць у выпадку неабходнасці для пераправеркі інфармацыі на месцах, пастараюцца аператыўна і па максімуме вырашыць жыццёвыя пытанні.
У гэтыя ж дні памочнікі Прэзідэнта Беларусі - галоўныя інспектары па абласцях і Мінску ў сваіх рэгіёнах наўпрост сустрэнуцца з грамадзянамі двух-трох раёнаў кожны і па магчымасці акажуць дапамогу ў вырашэнні надзённых праблем.
Усе паступіўшыя падчас маніторынгу вусныя і пісьмовыя звароты будуць узяты на кантроль і з рэзалюцыямі кіраўнікоў міжведамасных рабочых груп накіраваны ў адпаведныя органы кіравання для аб'ектыўнага і прафесійнага вырашэння. У выпадку выяўлення фактаў парушэння заканадаўства па рабоце са зваротамі грамадзян да вінаватых будуць неадкладна прыняты самыя жорсткія меры рэагавання.-0-
БЕЛТА