Рэспубліканскі савет РГА "Белая Русь" абмяркуе ўдзел арганізацыі ў парламенцкіх выбарах 2012 года
2.3.20110 праглядаў
2 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. На пасяджэнні рэспубліканскага савета РГА "Белая Русь", якое пройдзе 12 сакавіка, будуць падведзены вынікі работы арганізацыі за два апошнія гады і зацверджаны перспектыўны план на 2011-2012 гады. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні грамадскага аб'яднання Сяргей Пігарэў.
Усяго на абмеркаванне савета РГА вынесены тры асноўныя пытанні, растлумачыў Сяргей Пігарэў. Акрамя падвядзення вынікаў выканання двухгадовага плана работы арганізацыі, удзельнікам мерапрыемства трэба будзе прааналізаваць вопыт і вынікі ўдзелу першасных арганізацый "Белай Русі" ў кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў і прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Яшчэ адным важным пытаннем стане зацвярджэнне плана работы грамадскай арганізацыі на 2011-2012 гады, у тым ліку абмеркаванне ўдзелу арганізацыйных структур "Белай Русі" ў выбарчай кампаніі 2012 года па выбарах дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі.
У рабоце савета РГА возьмуць удзел кіраўнікі раённых структур арганізацыі, старшыні ўсіх арганізацый па вытворчым прынцыпе, якія складаюць сёння самыя шматлікія аргструктуры "Белай Русі". Таксама на пасяджэнне запрошаны старшыні мінскіх раённых арганізацый "Белай Русі", якія правядуць прэзентацыі сваіх раёнаў і падзеляцца вопытам работы. Такое прадстаўніцтва дасць магчымасць у жывым абмеркаванні выпрацаваць рэальную праграму работы арганізацыі на перспектыву з улікам мясцовых ініцыятыў, абмеркаваць усе новыя формы і метады работы, якія часта нараджаюцца менавіта ў рэгіёнах, адзначыў Сяргей Пігарэў.
Сёння рады РГА "Белая Русь" налічваюць больш за 110 тыс. членаў. Пры гэтым калі за 2009 год колькасць арганізацыі вырасла на 9 тыс. чалавек, то ўжо ў 2010 годзе яе рады папоўнілі звыш 22 тыс. грамадзян. "Чым больш рэальных спраў у арганізацыі, чым больш "Белая Русь" удзельнічае ў акцыях, у выбарчых кампаніях, тым больш пра нас даведваюцца людзі і часцей звяртаюцца да нас - спачатку з цікавасці, а затым ужо свядома ўступаюць у нашы рады", - упэўнены Сяргей Пігарэў.-0-
БЕЛТА