Рэспубліканскі тур міжнароднай алімпіяды па экалогіі пройдзе ў Віцебску з удзелам каманд 9 ВНУ
9.3.20110 праглядаў
9 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзесяць каманд з 9 беларускіх ВНУ возьмуць удзел у рэспубліканскім адборачным туры міжнароднай студэнцкай алімпіяды "Экалагічная бяспека", які пройдзе 10-12 сакавіка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава.
Усяго ў Віцебску збяруцца каля 50 студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасцях экалагічнага профілю. Праграма алімпіяды ахоплівае пытанні экалагічнай, радыяцыйнай і энергетычнай бяспекі, экалагічнага маніторынгу, урбанізацыі, асноўных экалагічных пагроз у сучасным свеце, а таксама магчымых шляхоў і спосабаў зніжэння экалагічнай рызыкі. Мерапрыемства будзе праходзіць у два этапы (тэарэтычны і практычны), падчас якіх удзельнікам трэба будзе прадэманстраваць узровень ведаў праз вырашэнне заданняў і тэстаў, а таксама прапанаваць практычнае рашэнне экалагічнай праблемы. Студэнты, якія паказалі найвышэйшыя вынікі ў індывідуальным заліку, атрымаюць права прадстаўляць Беларусь у складзе нацыянальнай зборнай у міжнародным туры алімпіяды, які пройдзе ў маі 2011 года ў Мінску. Акрамя беларускай каманды, у алімпіядзе возьмуць удзел каманды студэнтаў ВНУ Расіі і Украіны.
Міжнародная студэнцкая алімпіяда "Экалагічная бяспека" заснавана ў якасці адной з формаў прапаганды экалагічных ведаў сярод моладзі. Мэтамі правядзення алімпіяды з'яўляюцца паляпшэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, папулярызацыя экалагічных ведаў, стварэнне ўмоў для падтрымкі адораных маладых людзей, а таксама фарміраванне кадравага патэнцыялу ў галіне аховы навакольнага асяроддзя для даследчай, праектнай, навуковай і вытворчай дзейнасці.
Арганізатарамі алімпіяды выступаюць Міністэрства адукацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д.Сахарава, які з'яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў СНД па экалагічнай адукацыі.-0-
БелТА