20 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэспубліканскі турзлёт мытных органаў пройдзе ўпершыню ў Віцебскай вобласці з 21 па 23 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні. Усяго ля турыстычнага вогнішча, якое будзе разведзена ў маляўнічым урочышчы Вараб'ёвы горы ў Гарадоцкім раёне, збяруцца больш за 150 супрацоўнікаў мытных органаў, якія будуць прадстаўляць зборныя мытняў, цэнтральны апарат ДМК і каманду РУП "Белмытсэрвіс". У праграму правядзення турыстычнага злёту ўключана больш за дзесяць відаў спаборніцтваў як спартыўных, так і звязаных са стварэннем добрага настрою і бытавога камфорту на турыстычнай стаянцы. Па традыцыі падчас цырымоніі адкрыцця злёту ўдзельнікі ўшануюць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўскладуць вянкі да аднаго з воінскіх мемарыялаў у Гарадку. Камандам трэба будзе на працягу трох дзён прадэманстраваць майстэрства ў традыцыйных турыстычных конкурсах і спаборніцтвах, у тым ліку па перацягванні каната, валейболе (з непразрыстай сеткай), пераадоленні паласы перашкод. Удзельнікі каманд пазмагаюцца ў трыятлоне, у ўменні пераадольваць водныя паверхні на байдарках, у кідку гіры і іншых сілавых і інтэлектуальных відах спаборніцтваў. Пераможца ў агульнакамандным першынстве будзе ўзнагароджаны кубкам, таксама будуць адзначаны прызёры ў агульнакамандным заліку і лепшыя ў індывідуальных відах практыкаванняў. У гэтым годзе мытная служба Беларусі адзначае 20-годдзе з дня ўтварэння, таму многія спаборніцтвы і конкурсы будуць прысвечаны юбілейнай даце. -0-

БЕЛТА