27 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэстаран міжнароднай карпарацыі "Макдональдс" можа з'явіцца ў Віцебску, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін.
Гарвыканкам заключыў інвестыцыйны дагавор з замежным прадпрыемствам "Рэстараны Макдональдс" на будаўніцтва аб'екта грамадскага харчавання ў абласным цэнтры. Пад гэты праект выдзелены зямельны ўчастак, размешчаны каля ажыўленай трасы на мінскім і маскоўскім напрамку. Як спадзяецца гарвыканкам, ужо ў 2013 годзе кампанія прыступіць да праектных работ.
У цяперашні час у горадзе каля дзясятка кампаній ажыццяўляюць рэалізацыю праектаў з прыцягненнем замежных інвестыцый. У студзені-лістападзе 2012 года ў эканоміку абласнога цэнтра прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове $13,8 млн., у той час як у 2011 годзе - $5 млн. У 2013 годзе гарадскія ўлады разлічваюць на прыцягненне прыкладна $37 млн. прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. "Рост замежных інвестыцый у эканоміку горада ў бягучым годзе з'яўляецца пацвярджэннем таго, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу. Рэальны бізнес усё пралічвае і ўсё ўлічвае", - падкрэсліў Віктар Мікалайкін.
ЗП "Рэстараны Макдональдс" у Беларусі з'яўляецца кампаніяй са 100% замежным капіталам. Першыя тры рэстараны кампаніі адкрыты ў Мінску ў снежні 1996 года. У цяперашні час у сталіцы працуюць 7 рэстаранаў "Макдональдс", аднак у абласных цэнтрах пакуль няма рэстаранаў гэтай міжнароднай сеткі.-0-
БЕЛТА
Рэстаран "Макдональдс" можа з'явіцца ў Віцебску
27.12.20120 праглядаў