На базе абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Віцебску адкрыўся рэсурсны цэнтр для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектру. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гэтай установы адукацыі Марынэ Фёдарава.

У цэнтры акумуляваны метадычная база па дадзеным профілі працы, неабходнае абсталяванне і прафесійныя спецыялісты, якія вядуць карэкцыйныя заняткі з дзецьмі, аказваюць кансультатыўную дапамогу іх бацькам і педагогам устаноў адукацыі вобласці, дзе навучаюцца дзеці з аўтыстычнымі расстройствамі.

У цяперашні час цэнтр наведвае больш за 20 дзяцей з Віцебска і Віцебскага раёна. Для кожнага з іх распрацавана індывідуальная праграма з улікам асаблівасцей дзіцяці, накіраваная на сацыялізацыю, павышэнне камунікатыўных навыкаў, а для дашкольнікаў - і падрыхтоўку да школы. Для бацькоў праводзяцца клубныя сустрэчы, падчас якіх яны могуць пазнаёміцца і абмеркаваць свой вопыт, падтрымаць адзін аднаго.

"Дапамога цэнтра запатрабавана: па вобласці цяпер налічваецца 120 дзяцей, якія пакутуюць на расстройствы аўтыстычнага спектру. Пры гэтым ёсць яшчэ частка дзяцей, якія знаходзяцца пад назіраннем, дыягназ якіх пакуль не ўстаноўлены", - падкрэсліла Марынэ Фёдарава.

Работа па рэалізацыі дадзенага праекта ажыццяўляецца пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за кошт бюджэтных сродкаў. "Аднак яна яшчэ ў пачатку шляху: у планах на найбліжэйшую перспектыву вылучыць пад размяшчэнне цэнтра асобнае памяшканне, умацаваць яго матэрыяльна-тэхнічную базу, пашырыць штат супрацоўнікаў", - дадала яна.