У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Віцебскі абласны краязнаўчы музей прадставіць рэтраспектыву першай пасляваеннай выставы, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Віцебск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 чэрвеня 1944 года. Паступова горад вяртаўся да мірнага жыцця. Аднаўлялі працу прадпрыемствы, арганізацыі, установы. Сярод першых з 1 ліпеня 1944 года аднавіў працу гістарычны музей у Віцебску. Супрацоўнікам установы трэба было выканаць складаную працу: неабходна было вярнуць музейны збор, адпраўлены ў ліпені 1941 года ў Саратаў; вярнуць прадметы, вывезеныя немцамі ў гады акупацыі ў Рыгу; арганізаваць улік і сістэматызацыю прадметаў, якія знаходзіліся ў акупаваным Віцебску. Паралельна збіраліся экспанаты для новай экспазіцыі, аднаўляліся музейныя прадметы. Адкрыццё першай пасляваеннай выставы было прымеркавана да гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адбылося ў пачатку ліпеня 1945 года. Яна аб'яднала прадметы, сабраныя для аддзела "Віцебская вобласць у гады Вялікай Айчыннай вайны", які складаўся з трох самастойных раздзелаў: "Віцебская вобласць пад прыгнётам акупантаў", "Партызанскі рух у Віцебскай вобласці" і "Вызваленне і аднаўленне Віцебскай вобласці".
Экспанаты для выставы пачалі збіраць практычна з першых дзён працы музея. У жніўні 1944 года ў фонды паступілі шыльды нямецкіх акупацыйных улад, знятыя з будынкаў і знойдзеныя пасля вызвалення на вуліцах горада, нямецкія каскі. У 1944-1945 гадах у музей паступіла вялікая колькасць фатаграфій. Гэта здымкі з выявай разбуранага Віцебска, работ па аднаўленні горада, тэрыторыі былога канцлагера "5-ы полк", надпісаў на сценах былой фашысцкай турмы СД. Вялікі комплекс фатаграфій, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, супрацоўнікі музея набылі ў Маскве ў Бюро наглядных дапаможнікаў. Аўтары здымкаў адлюстравалі гісторыю партызанскага руху ў Беларусі, вызваленне яе тэрыторыі, наступствы нямецка-фашысцкай акупацыі.
З аддзела агітацыі і прапаганды Віцебскага абкама КП(б)Б у фонды паступілі дакументы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў, успаміны жыхароў Віцебскай вобласці аб перыядзе акупацыі, а таксама матэрыялы аб партызанскім руху. Унікальнымі сярод іх з'яўляюцца рукапісныя газеты, часопісы і баявыя лісткі, створаныя ў розных партызанскіх злучэннях Віцебскай вобласці.