25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэцыдыўная злачыннасць у Віцебскай вобласці за 10 месяцаў бягучага года знізілася на 20,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Віцебскай вобласці ў бягучым годзе быў прыняты шэраг арганізацыйных мер па павышэнні эфектыўнасці работы папраўчых устаноў, службаў участковых інспектараў, спецыялізаваных падраздзяленняў органаў унутраных спраў па папярэджанні рэцыдыву. Кіраўніцтва пракуратуры вобласці і гаррайпракуроры рэгулярна прымалі ўдзел у рабоце назіральных камісій, а таксама саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, на якіх разглядаліся прычыны антыграмадскіх паводзін раней асуджаных асоб, вызначаліся механізмы аказання ім рэальнай дапамогі ў працаўладкаванні і вырашэнні іншых сацыяльна-бытавых праблем. Дзякуючы прынятым мерам удалося істотна скараціць колькасць злачынстваў, учыненых раней асуджанымі асобамі, аднак праблема іх сацыяльнай рэабілітацыі застаецца.
Маніторынг аператыўнай абстаноўкі на тэрыторыі рэгіёна паказаў, што амаль палова ўсіх злачынстваў (45,3%) учыняецца асобамі, якія маюць судзімасць. Рост рэцыдыўнай злачыннасці адзначаецца ў Докшыцкім, Мёрскім, Чашніцкім раёнах. Пракурор адзначыў, што не ва ўсіх раёнах арганізавана работа па сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі грамадзян, вызваленых з папраўчых устаноў, не распрацаваны меры стымулявання прадпрыемстваў, якія ствараюць для іх працоўныя месцы. Назіральныя камісіі, створаныя пры выканкамах у Браслаўскім, Віцебскім, Верхнядзвінскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Полацкім, Гарадоцкім, Чашніцкім раёнах, Чыгуначным раёне Віцебска і горада Полацка не выпрацавалі сістэму кантролю за паводзінамі асоб, якім камісіямі аказана садзейнічанне ў працоўным і бытавым устройстве.
У Віцебскай вобласці за 10 мес. зарэгістравана 12 911 злачынстваў, што на 13% менш, чым год таму. Узровень злачыннасці на 10 тыс. насельніцтва склаў 105,3, што ніжэй за сярэднерэспубліканскі паказчык.-0-
БЕЛТА
Рэцыдыўная злачыннасць у Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік знізілася на 20,5%
25.11.20110 праглядаў