Рэзалюцыя, якая зацвярджае новыя азначэнні для асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ), уступіць у сілу 20 мая. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі.

Міжнародная сістэма адзінак неабходна, каб адзінкі вымярэнняў, няхай гэта будзе метр ці секунда, заставаліся супастаўнымі і ўзгодненымі ва ўсім свеце. Новыя азначэнні замацаваны ў дачыненні да чатырох з сямі базавых адзінак - кілаграма, ампера, кельвіна і моля.

Пераазначэнне палегчыць практычнае выкарыстанне сістэмы СІ. Усе адзінкі цяпер выказаны пры дапамозе фундаментальных канстант, назіраць якія можна ў навакольным свеце (напрыклад, гэта тычыцца хуткасці святла, пастаяннай Планка або пастаяннай Авагадра). Выкарыстанне гэтых нязменных прыродных эталонаў для вымярэнняў забяспечыць надзейнасць і пастаянства азначэнняў адзінак вымярэнняў у будучыні. Апошні артефакт, які заставаўся, міжнародны прататып кілаграма, афіцыйна замяняецца новай рэалізацыяй у выглядзе фізічнага эксперыменту, які абапіраецца на значэнне пастаяннай Планка.

Зацвярджэнне рэзалюцыі па пераглядзе Міжнароднай сістэмы адзінак стала вынікам шматгадовага плённага супрацоўніцтва нацыянальных метралагічных інстытутаў і Міжнароднага бюро мер і вагаў (BIPM). Пераазначаныя адзінкі вымярэнняў адкрыюць новыя магчымасці для развіцця і ўкаранення інавацыйных рашэнняў і тэхналогій у навуцы і на вытворчасці, у паўсядзённым жыцці.

Напрыклад, больш дакладнае вымярэнне тэмпературы дапаможа ўдасканаліць маніторынг і прагназаванне кліматычных змен. Азначэнне секунды праз атамны гадзіннік дазволіць з высокай дакладнасцю вызначаць месцазнаходжанне аб'екта на мясцовасці. Без вымярэнняў новага ўзроўню дакладнасці будзе немагчымым развіццё тэхналогій для інтэрнэту і мабільнай сувязі, навігацыйных сістэм і прасоўвання разумных гарадоў.

"Пераход на абноўленую Міжнародную сістэму адзінак ва ўсім свеце будзе паступовым, і ў паўсядзённым жыцці з 20 мая нічога не зменіцца. Пакуль гэтае пытанне знаходзіцца на стадыі пастаноўкі задач і абмеркавання ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый па метралогіі, - растлумачыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Валерый Гурэвіч. - Але ўжо можна казаць пра тое, што з'яўляюцца сродкі вымярэнняў, якія абапіраюцца на іншыя, больш сучасныя падыходы. Гэта ў перспектыве істотна паўплывае і на сусветнае прыборабудаванне, і на рынак метралагічных паслуг".