9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі працы сельскай гаспадаркі будуць ацэньвацца ў першую чаргу зыходзячы з эфектыўнасці і рэнтабельнасці. Аб гэтым 6 жніўня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы з рабочай паездкай Віцебскую вобласць, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Прэзідэнт зноў звярнуў увагу на сваё асноўнае патрабаванне - павышэнне эфектыўнасці вядзення сельскай гаспадаркі. "Валавы збор і іншае - гэта добра, але патрэбна эфектыўнасць. Давайце палічым, колькі сродкаў укладзена і якая будзе рэнтабельнасць, - сказаў ён. - Падкрэсліваю, ацэньваць буду не па тэмпах і ўраджайнасці. Галоўнае - гэта эфект, які будзем мець ад збожжа, малака і мяса. З гэтага трэба рабіць усе разлікі". Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на пытанне якаснай нарыхтоўкі кармоў і сельскагаспадарчых культур. На яго думку, гэтаму неабходна надаць першачарговую ўвагу. Аляксандру Лукашэнку ў ходзе наведвання СПК "Маяк Браслаўскі" было даложана аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне. Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Русага, на 6 жніўня ў Беларусі сабрана амаль 6 млн.т збожжа. Адначасова ў краіне ідзе сяўба азімых. Што тычыцца азімага рапсу, то насенне цалкам нарыхтавана, і прынята рашэнне павялічыць пасяўныя плошчы гэтай культуры. Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, у Віцебскай вобласці ўжо ўбрана 70% плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых складае 22,1 ц/га. Адной з асноўных праблем Віцебшчыны застаецца нізкая контурнасць палёў. Губернатар запэўніў Прэзідэнта, што ў амбарнай вазе ўраджай гэтага года будзе роўны леташняму. Аляксандр Лукашэнка даручыў паскорыць рэалізацыю рэспубліканскай праграмы развіцця льняной галіны. Яе неабходна завяршыць за бягучы і наступны гады. Ён адзначыў, што ў папярэднія гады гэтаму напрамку надавалася недастаткова ўвагі. "Нічога ж не змянілася: тыя ж людзі, усё тое ж практычна, і пры такой надвор'і лён вырасцілі. Былі ж лепшыя гады, але не вырошчвалі. Не ўмелі апрацоўваць? Умелі. Безалаберна ставіліся. Таму пакладзена 60 тыс.т - усё трэба зрабіць, каб у гэтым годзе і ў будучым закрыць тэму і мы больш не размаўлялі па доўгім валакне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.