Новы рабатызаваны малочнатаварны комплекс уведзены ў эксплуатацыю ў Старых Лепелі. Аб'ект узведзены ў самыя сціслыя тэрміны: ад капання катлавана да завозу першых кароў прайшло крыху больш за год.

Новы рабатызаваны малочнатаварны комплекс уведзены ў эксплуатацыю ў Старых Лепелі. Аб'ект узведзены ў самыя сціслыя тэрміны: ад капання катлавана да завозу першых кароў прайшло крыху больш за год. Увесь праект ацэньваецца прыкладна ў 50 мільярдаў рублёў.

Хтосьці можа паспрачацца пра яго мэтазгоднасць: маўляў, навошта ўкладваць такія вялікія сродкі, лепш накіраваць іх на іншыя мэты. Аднак паспрабуем разважаць рацыянальна, эканамічнымі катэгорыямі. Сёння ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, філіялам якога з'яўляецца “Заазер'е”, атрымлівае значныя прыбыткі ад вытворчасці і рэалізацыі малочных прадуктаў. Натуральна, што на прадпрыемстве думаюць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра аддаленую перспектыву, як лепш і надзейней забяспечыць сябе сыравінай. Адказам на гэта служыць і дадзены праект.

СВФ “Заазер'е” мае пяць малочнатаварных ферм, сярод якіх два сучасныя рабатызаваныя комплексы, астатнія – мадэрнізаваныя. Можна было б, з аднаго боку, і ў дадзеным выпадку абмежавацца некаторай мадэрнізацыяй. Аднак сур'ёзных вынікаў на старым абсталяванні, выкарыстоўваючы старыя тэхналогіі, дабіцца немагчыма.

А задачы перад калектывам комплексу і ўсімі жывёлаводамі стаяць вялікія – нарошчваць валавы надой малака, удзельны надой ад кожнай каровы, павышаць якасць, накіроўваючы на здачу класам "экстра" не менш за 70 працэнтаў, павышаць таварнасць, зніжаць выдаткі... Пералічваць умовы рэнтабельнай, прыбытковай працы можна доўга. Усім умовам новы комплекс якраз адпавядае, тым больш, што ён пабудаваны з улікам вопыту эксплуатацыі самага першага падобнага аб'екта, узведзенага ў Юркоўшчыне.

Новыя памяшканні гатовыя прыняць 400 галоў дойнага статку. Вядома, запоўніць іх на сто працэнтаў – справа не аднаго дня. Кароў для новага комплексу адбіраюць па ўсёй гаспадарцы, селекцыйную работу па выбары лепшай жывёлы намеснік дырэктара СВФ Лідзія Веракша пачала яшчэ два гады таму. Натуральна, што галоўным патрабаваннем становіцца прадукцыйнасць, нерэнтабельна малапрадукцыйную карову нават завозіць у новы комплекс.