25 кастрычніка, Мінск /Аляксандр Сухаверхі - БЕЛТА/. Сваякі загінулых журналістаў наведаюць месца падзення памежнага верталёта ў Пастаўскім раёне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар Дзяржпамежкамітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка. "Дзяржпамежкамітэт гатовы арганізаваць наведванне сваякамі загінулых журналістаў месца падзення верталёта ў любы зручны для іх час. Як толькі яны вырашаць, што псіхалагічна гатовыя да гэтага, мы прадаставім ім такую магчымасць", - растлумачыў прэс-сакратар. На месцы падзення верталёта прадугледжваецца ўсталяваць памятны знак. Па словах Аляксандра Цішчанкі, у цяперашні час сярод афіцэраў-памежнікаў працягваецца збор ахвяраванняў для сем'яў загінулых пілотаў і членаў здымачнай групы ТРК Саюзнай дзяржавы. Кампансацыі родным лётчыкаў згодна з дзеючым заканадаўствам будуць выплачаны пасля завяршэння расследавання абставін трагедыі. "Спецыяльная камісія з удзелам прадстаўнікоў кампаній "Еўракоптэр" і "Турбамека" працягвае вывучэнне прычын катастрофы. Тэрмін знаходжання французскіх спецыялістаў у Беларусі не абмежаваны, яны будуць знаходзіцца тут колькі трэба", - распавёў суразмоўца. Па папярэдніх дадзеных, найбольш верагоднай прычынай крушэння верталёта Ecureuil АS 355 NP была тэхнічная няспраўнасць у шляхавым кіраванні. Верталёт Дзяржпамежкамітэта Беларусі Ecureuil АS 355 NP разбіўся 20 кастрычніка ў раёне вёскі Вілейты Пастаўскага раёна прыкладна за кіламетр ад беларуска-літоўскай мяжы. На борце знаходзіліся два члены экіпажа і здымачная група ТРК: пілоты Ігар Скварцоў і Андрэй Пякарскі, карэспандэнт Юлія Шацернік, аператар Віталь Прачкоўскі і кіроўца Сяргей Шамалаў.-0-

БЕЛТА