Арыгінальныя вясельныя традыцыі розных рэгіёнаў Віцебшчыны прадставяць на свяце-конкурсе "Вялікая вясельніца" ў Расонах 26 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Мерапрыемства, якое праводзіцца ўжо пяты раз, адбудзецца ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Яго ўдзельнікамі стануць прадстаўнікі 19 раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама госці з Латвіі і Себежскага раёна Пскоўскай вобласці Расіі. Усяго чакаецца каля 300 чалавек.

Свята-конкурс уключае тры буйныя блокі, у кожным з якіх будзе вызначаны пераможца. Адкрые яго прэзентацыя абрадавых страў вясельнага стала з 16 раёнаў Віцебскай вобласці. Расоншчына, напрыклад, прадставіць рыбныя стравы, Шаркаўшчына - стараабрадныя. З Дубровенскага раёна прывязуць "рагаты" каравай, а глыбачане - сімвалізуючага дабрабыт барашка з цеста, а таксама пачастунак на дарожку: "сарокі" для добрых гасцей і "казіныя копытцы" для тых, хто нашкодзіў на вяселлі.

На наступным этапе прагучаць вясельныя песні Віцебшчыны. Фальклорныя калектывы адлюструюць у сваіх выступленнях найбольш яркія адметныя традыцыі сваіх мясцін.

Завершыць свята конкурс-імправізацыя "Без мяне мяне жанілі" на лепшую сваццю або свата. Ён адбудзецца ўпершыню. Яго ўдзельнікі павінны неардынарна, але на аснове мясцовых звычаяў прадставіць жаніхоў і нявест, пазнаёміць з унікальнымі абрадамі сваіх раёнаў.

Арганізатарамі "Вялікай вясельніцы" выступаюць Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і Расонскі райвыканкам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)