10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскім заапарку роля цёмнай вадзяной змеі - сімвала 2013 года па кітайскім календары - дасталася сухапутнаму пітону-альбіносу, расказала дырэктар заапарка Ірына Арлова. На галоўную змяіную ролю ў наступаючым годзе ў заапарку прэтэндавалі адразу пяцёра жыхароў. Анаконда, хоць і называецца заолагамі вадзяной змяёй, адразу была адхілена худсаветам з-за свайго дрэннага характару - неўжыўная і агрэсіўная. Маісавы вуж аказаўся занадта малы - усяго паўметра даўжынёй, інданезійскі і аргенцінскі пітоны здаліся пасрэднымі артыстамі. А вось тыгровы пітон, нягледзячы на тое, што альбінос, падышоў і па сваіх мадэльных параметрах: вага каля 100 кг і даўжыня амаль пяць метраў, і па тэмпераменце - спакойны і добразычлівы. Менавіта такім - багатым, шчаслівым і светлым, павінен стаць наступаючы год для тых наведвальнікаў Віцебскага заапарка, хто сфатаграфуецца з пітонам-альбіносам, лічыць Ірына Арлова. Фотасесію на ўдачу ў заапарку арганізуюць аж да наступлення кітайскага новага года - да 10 лютага 2013 года. Віцебскі заалагічны парк заснаваны 30 сакавіка 1992 года на базе існаваўшага ў горадзе тэатра звяроў. У цяперашні час тут на плошчы 1,3 га ўтрымліваюцца звыш 70 відаў жывёл - больш за 1 тыс. асобін. -0-

БЕЛТА