26 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ролі рэгіянальнай выхаваўчай прасторы ў сацыялізацыі моладзі прысвечаны рэспубліканскі семінар у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Семінар "Выхаваўчая прастора рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і грамадзянска-патрыятычнага станаўлення асобы" пройдзе 27-28 кастрычніка на базе ўстаноў адукацыі і культуры Полацка і Наваполацка. Яго ўдзельнікамі стануць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, спорту і турызму, унутраных спраў, кіраўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі, а таксама дырэктары навучальных устаноў Віцебскай вобласці. Усяго чакаецца 70 чалавек. У першы дзень удзельнікі семінара азнаёмяцца з навучальным працэсам у полацкіх школах - гімназіі №1, СШ №18 імя Е.Полацкай і інш. Затым у Доме культуры ААТ "Полацк-Шкловалакно" адбудзецца прэзентацыя дзейнасці лепшых устаноў дадатковай адукацыі Віцебскай вобласці з Полацка, Наваполацка, Віцебска, Расонскага раёна і іншых рэгіёнаў, а ў Сафійскім саборы сваё майстэрства прадэманструе Наваполацкі ўзорны хор "Звонкія галасы". У ліпені гэтага года гэты калектыў заваяваў вялікі залаты медаль і запрашэнне на Алімпійскія харавыя гульні 2012 года на сусветным харавым "Гран-Пры", якое праходзіла ў аўстрыйскім Грацы. 28 кастрычніка праграма семінара прадугледжвае наведванне ў Наваполацку Музея гісторыі і культуры, устаноў адукацыі, гарадскога дыгітальнага цэнтра і цэнтра ўстойлівага развіцця, якія дзейнічаюць на базе Наваполацкага дзяржаўнага ліцэя. Тут жа адбудзецца абмен думкамі і круглы стол, падчас якога ўдзельнікі абмяркуюць магчымасці павышэння эфектыўнасці выкарыстання рэгіянальнай прасторы ў станаўленні асобы падрастаючага пакалення, а таксама шляхі ўкаранення новых інавацыйных распрацовак у адукацыйны працэс.