28 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Расія, Беларусь і Украіна павінны аб'яднаць свае патэнцыялы для паспяховага развіцця трох краін. Такое меркаванне выказаў старшыня ЦК Камуністычнай партыі Расіі, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзярждуме Федэральнага Сходу РФ Генадзь Зюганаў сёння на сустрэчы са дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нашых народаў ёсць гістарычная будучыня толькі ў адзіным выпадку: калі Расія, Беларусь і Украіна складуць свае патэнцыялы", - перакананы расійскі палітык. Ён упэўнены, што калі гэтага не адбудзецца, то "нас будуць няшчадна эксплуатаваць багатыя, моцныя суседзі". Таму, на яго думку, трэба зрабіць усё магчымае для таго, каб адносіны паміж краінамі і народамі "паляпшаліся, умацоўваліся і энергічна развіваліся".
Пры гэтым Генадзь Зюганаў заклікае не абсалютызаваць асобныя выказванні кіраўнікоў. "Мы з вамі ўсё жыццё жылі ў адной дзяржаве, у міры і дружбе. І раптам узнікаюць нейкія пытанні, якія пачынаюць абсалютызавацца. Гэта няправільна", - сказаў ён. Па словах расійскага палітыка, наконт расійска-беларускіх адносін ён нядаўна грунтоўна размаўляў з кіраўніцтвам Расіі, і "яны разумеюць неабходнасць паляпшаць і выбудоўваць адносіны годна". "Да супярэчнасцей трэба ставіцца спакойна і абавязкова шукаць шляхі іх вырашэння", - падкрэсліў лідар КПРФ.
Са свайго боку ён выказаў гатоўнасць усяляк садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй: "Зраблю ўсё неабходнае, каб адносіны развіваліся па ўзыходнай і нішто іх не зацямняла".
Замест таго, каб пагружацца ў палітычныя спрэчкі, Генадзь Зюганаў заклікаў кіраўніцтва як Расіі, так і Беларусі сканцэнтраваць намаганні на развіцці новых тэхналогій, транспартных магістраляў, пошуках рынкаў і іншых актуальных пытаннях, якія дапамогуць дзяржавам справіцца з наступствамі сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Менавіта ў ім, на думку лідара КПРФ, хаваецца найбольшая пагроза як для Беларусі і Расіі, так і іншых краін. У якасці прыкладу эфектыўнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў Генадзь Зюганаў прывёў вопыт дзвюх найбуйнейшых еўрапейскіх краін - Германіі і Францыі, якія, нягледзячы на гістарычнае мінулае, войны, палітычныя скандалы і супярэчнасці, застаюцца разам і сумеснымі намаганнямі паляпшаюць жыццё сваіх народаў.-0-
БЕЛТА
Расія, Беларусь і Украіна павінны аб'яднаць свае патэнцыялы для паспяховага развіцця трох краін - Г.Зюганаў
28.10.20100 праглядаў