Расія гатова прадаставіць Беларусі крэдытную падтрымку на суму больш за $6 млрд. - А.Лукашэнка
17.5.20110 праглядаў
17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія гатова прадаставіць Беларусі крэдытную падтрымку ў суме больш за $6 млрд. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага Прэзідэнта.
"Я толькі што размаўляў з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым. Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расійскай Федэрацыяй аб прадастаўленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курса беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і не тэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна $3,1 млрд., калі мы, вядома, будзем падпісваць з імі адпаведную дамову", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у цяперашні час усё ўжо практычна зроблена, і Беларусь можа атрымаць гэты крэдыт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Прыкладна $3 млрд. - гэта будучыя продажы нашых тавараў. Нас гатовыя пракрэдытаваць. Агулам атрымліваецца 6 з лішнім млрд. долараў - гэтага дастаткова ў гэтым годзе не толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець салідныя золатавалютныя рэзервы".
"Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што эканоміка ў нас усё ж расце, ВУП 112,3% да аналагічнага перыяду мінулага года - гэта высока. Вядома, крыху сродкаў не хапае, паколькі яшчэ высокія цэны на нафту, сыравіну, камплектуючыя і г.д. Гэта аб'ектыўна. Але гэта часовыя цяжкасці, і я хацеў бы, каб урад і Нацыянальны банк не вельмі тут старанна працавалі ў плане запазычаных сродкаў, таму што іх давядзецца вяртаць. Таму арыентацыя на тое, што жыць трэба па сродках", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Я спецыяльна тыдзень быў у сельскагаспадарчых арганізацыях, глядзеў, што ж там адбываецца, - сказаў Прэзідэнт. - Ніякай катастрофы няма, гаспадаркі працуюць устойліва, нармальна, а вось што цяпер адбываецца на валютным і спажывецкім рынку ў цэлым па краіне, я хацеў бы ад вас пачуць. Толькі аб'ектыўна. Усё што адбываецца. Калі трэба, каб я зараз кінуў усе справы і падключыўся да гэтага пытання - добра. Давайце я буду займацца. Калі пакуль сітуацыя кіравальная і вы бачыце перспектывы, тады не будзем гарачыцца, будзем спакойна ў гэтым напрамку дзейнічаць".
"Мне, як вы ведаеце, дакладвае група, якая займаецца маніторынгам валютнага і спажывецкага рынкаў. Я хацеў бы ад вас пачуць пра ўсё, што адбываецца на валютным і спажывецкім рынках перш за ўсё. Я ведаю, вы ўчора збіраліся і нібыта выпрацавалі яшчэ адно чарговае рашэнне. Але яшчэ раз хачу вас папярэдзіць, каб вы мне прадставілі аб'ектыўную ацэнку, каб я нарэшце мог зрабіць пэўныя высновы, таму што дакладчыкаў шмат, а выснова павінна быць адна", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра.
Міхаіл Мясніковіч далажыў Прэзідэнту, што ў краіне забяспечваецца ўстойлівае развіццё эканомікі. У параўнанні з чатырма месяцамі мінулага года на 15,6 тыс. чал. павялічылася занятасць. "Гэта значыць, людзі працуюць, прадпрыемствы ўсе працуюць. "Вядома, ёсць моманты, калі даводзіцца вырашаць у ручным рэжыме, але сітуацыя кіраваная, каардынацыя забяспечваецца цалкам, і ўрадам прымаюцца неабходныя кіраўніцкія рашэнні", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.-0-
БЕЛТА