23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія падтрымлівае развіццё адносін паміж Беларуссю і еўрапейскімі арганізацыямі. Аб гэтым заявіў сёння на адкрыцці сумеснaга пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі міністр расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Сяргея Лаўрова, Расія падтрымлівае развіццё адносін паміж Беларуссю і еўрапейскімі арганізацыямі, уключаючы Савет Еўропы. Ён нагадаў, што расійскі бок "актыўна падтрымаў далучэнне Беларусі ў якасці назіральніка да "Паўночнага вымярэння", а таксама вітае ўваходжанне Беларусі ў камітэт, які займаецца экспартным кантролем у сферы ядзерных матэрыялаў. "Сёння на сумесным пасяджэнні калегій пытанням супрацоўніцтва з ЕС будзе нададзена асаблівая ўвага", - адзначыў Сяргей Лаўроў. "Мы з павагай ставімся да тых інтарэсаў, якія ЕС мае на прасторы СНД. Мы настроены на ўсебаковае ўзаемадзеянне з Еўрасаюзам у справе садзейнічання развіццю нашага агульнага рэгіёна. Зразумела, пры тым разуменні, што дзеянні ўсіх уцягнутых у гэты працэс бакоў, уключаючы ЕС, павінны спрыяць умацаванню палітычнай і эканамічнай стабільнасці ва ўсім нашым агульным рэгіёне", - сказаў ён. Кіраўнік расійскага МЗС таксама падкрэсліў неабходнасць рэалізацыі "прынцыпу ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў на захадзе і ўсходзе Еўропы". "Гэта абсалютна натуральна, таму што і ЕС, і Мытны саюз, і ЕЭП, якое мы выбудоўваем, заснавана на тых жа самых прынцыпах: свабодзе перамяшчэння тавараў, паслуг, людзей, капіталаў. Таму лагічна спалучаць нашы намаганні на ўсіх гэтых напрамках", - дадаў Сяргей Лаўроў. -0-

БЕЛТА