15 сакавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Мытныя органы Расіі з 1 красавіка 2011 года перастануць патрабаваць ад фізічных асоб мытныя дакументы, якія сведчаць аб выпуску аўтамабіляў у свабодны зварот на тэрыторыі Беларусі, з мэтай пацвярджэння іх статусу пры ўвозе на тэрыторыю Расіі. Аб гэтым паведаміў сёння ў Мінску журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі перадаў Федэральнай мытнай службе Расіі звесткі, якія змяшчаюцца ў базах даных транспартных сродкаў, увезеных на тэрыторыю Беларусі і выпушчаных у свабодны зварот у перыяд да 1 студзеня 2010 года, для мэт вызначэння статусу аўтамабіляў, знятых з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі і ўвозімых на тэрыторыю Расіі.
Федэральная мытная служба Расіі ўжо прааналізавала гэтыя даныя ў частцы аўтамабіляў, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі. Разам з тым база даных па аўтамабілях, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі на тэрыторыю Беларусі ў свабодны зварот, яшчэ мае патрэбу ў дадатковай карэкціроўцы. ФМС Расіі завершыць гэту працу да 31 сакавіка бягучага года і з 1 красавіка 2011 года прыступіць да практычнага выкарыстання базы даных, пасля чаго перастане патрабаваць ад фізічных асоб даведкі аб пацвярджэнні статусу легкавых аўтамабіляў пры іх увозе з Беларусі на сваю тэрыторыю.
Падчас трохбаковай сустрэчы кіраўнікоў мытных службаў Беларусі, Казахстана і Расіі сёння ў Мінску таксама прагучала прапанова прадаставіць магчымасць грамадзянам самастойна правяраць дату ўвозу транспартнага сродку праз інтэрнэт-рэсурсы мытных органаў Мытнага саюза. Гэта дазволіць паменшыць колькасць зваротаў і самастойна ўдакладніць, ці варта набываць дадзены транспартны сродак. Пытанне плануецца прапрацаваць да 15 красавіка 2011 года.-0-
БЕЛТА
Расія з 1 красавіка перастане патрабаваць ад фізічных асоб даведкі аб статусе аўтамабіляў пры ўвозе на сваю тэрыторыю
15.3.20110 праглядаў