13 чэрвеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. З пачатку бягучых сутак расійскае ААТ "Інтэр РАТА ЕЭС" аднавіла аб'ёмы паставак электраэнергіі ў Беларусь, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ДВА "Белэнерга".
Такім чынам, доля расійскай электраэнергіі з 13 чэрвеня паднялася з 7% да ранейшых 12% у балансе сутачнага энергаспажывання краіны. На такім узроўні яна знаходзілася да 9 чэрвеня, калі расійскае ААТ "Інтэр РАТА ЕЭС" знізіла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь у сувязі з доўгам беларускага боку ў 1,5 млрд. расійскіх рублёў.
Нагадаем, што 10 чэрвеня ДВА "Белэнерга" абмеркавала з ААТ "Інтэр РАТА ЕЭС" графік выплаты запазычанасці Беларусі за расійскую электраэнергію. Для кансультацый з расійскімі спецыялістамі ў Маскву выехала беларуская дэлегацыя на чале з генеральным дырэктарам "Белэнерга" Аляксеем Шырмай. Па выніках сустрэчы падпісаны графік плацяжоў, згодна з якім беларускі бок абавязваецца пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня. Таксама была дасягнута дамоўленасць аб тым, што "Інтэр РАТА ЕЭС" адновіць пастаўкі электраэнергіі з 0.00 13 чэрвеня.
У 2011 годзе Беларусь мае намер імпартаваць з Расіі 3 млрд. кВт.г электраэнергіі па кантракце з "Інтэр РАТА ЕЭС".
Агульнае спажыванне электраэнергіі ў рэспубліцы ў 2010 годзе склала 37,46 млрд. кВт.г, пры гэтым крыніцамі "Белэнерга" было выпрацавана 32,3 млрд. кВт.г, блок-станцыямі - 2,26 млрд. кВт.г.
Нягледзячы на дастатковую колькасць уласных энергетычных магутнасцей, Беларусь імпартуе электраэнергію для дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу, а таксама зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці.-0-
БЕЛТА
Расія аднавіла аб'ёмы паставак электраэнергіі ў Беларусь
13.6.20110 праглядаў