22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Расійскія і казахскія мастакі прыехалі на пленэр у Віцебск, расказала карэспандэнту БЕЛТА арганізатар тура Ларыса Пятроўская.
Пленэр прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала і 120-годдзя набыцця Ільёй Рэпіным маёнтка Здраўнёва пад Віцебскам. Разам з членамі нацыянальных Саюзаў мастакоў у Віцебск прыбылі вучні мастацкіх школ. Каля 100 чалавек вырашылі акунуцца ў атмасферу мастацкага жыцця горада над Дзвіной. Госці будуць маляваць Віцебск, яго наваколлі, рабіць партрэтныя замалёўкі гараджан. Па выніках пленэру ў Санкт-Пецярбургу запланавана правядзенне выставы.
Для мастакоў таксама арганізаваны экскурсіі па мясцінах, звязаных з імёнамі знакамітых майстроў пэндзля, наведванне віцебскіх музеяў і мастацкіх выстаў. Прафесійныя мастакі на творчых сустрэчах пазнаёмяцца з дзейнасцю вядомых сучасных віцебскіх мастакоў - прадаўжальнікаў традыцый знакамітага віцебскага мастацкага вучылішча. А вось будучыя знакамітасці наведаюць майстар-клас віцебскіх педагогаў. Як адзначыла Ларыса Пятроўская, да ўдзелу ў пленэры запрошаны вучні віцебскіх мастацкіх школ. Майстар-клас ім дадуць госці.
Пленэр працягнецца да 29 чэрвеня, і яго ўдзельнікі трапяць на свята горада. Па словах Ларысы Пятроўскай, яны з запалам прынялі запрашэнне прыняць удзел у святочным шэсці ў гонар адкрыцця урачыстасцяў 23 чэрвеня і рыхтуюць Віцебску і яго гараджанам прыемныя падарункі.-0-
БЕЛТА
Расійскія і казахскія мастакі прыехалі ў Віцебск на пленэр у гонар 125-годдзя Марка Шагала
22.6.20120 праглядаў