1 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Вядомы расійскі эканаміст, Прэзідэнт саюза прадпрымальнікаў і арандатараў у Расіі Андрэй Буніч называе злачыннай палітыку Расіі ў адносінах да Беларусі. "Усё, што робіць урад Расіі супраць Беларусі, – гэта злачынства, кіраўнікі Расіі шкодзяць у тым ліку і самой Расіі", - сказаў ён сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Андрэй Буніч перакананы, што ніякага эканамічнага сэнсу ў нядаўнім беларуска-расійскім газавым канфлікце не было. "Патрабаваць ад Беларусі $180 млн., маючы запазычанасць больш за $200 млн., і пры гэтым уладкаваць усяленскі скандал, - сказаў эксперт. – Раз няма эканамічнага сэнсу, значыць, за канфліктам хаваліся іншыя прычыны. Думаю, што гэта імкненне Расіі адмовіцца ад інтэграцыі, але зрабіць так, каб віна не ўпала на расійскі бок, каб народ нічога не зразумеў". Закранаючы пытанні стварэння Мытнага саюза, Андрэй Буніч назваў пазіцыю Беларусі ў дачыненні да нафтавых пошлін цалкам зразумелай, а вось у дзеяннях расійскага боку ён бачыць "жаданне імітаваць і ствараць прафанацыю супрацоўніцтва". "Ініцыятыў з боку Расіі ў галіне інтэграцыі мноства, а вось практыка паказвае, што нічога не зроблена", - канстатаваў эксперт. "Страта Беларусі будзе для Расіі непараўнальна дарагая", - падкрэсліў Андрэй Буніч.-0-

БЕЛТА