9 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рост курса замежных валют сам па сабе не можа служыць дастатковай падставай для скасавання дагавора паміж суб'ектамі гаспадарання. Аб гэтым паведаміў сёння падчас прыёму з дапамогай відэаканферэнцсувязі грамадзян і прадстаўнікоў суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Каменкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне адваката абласной калегіі адвакатаў з нагоды судовай практыкі па разглядаемых справах аб скасаванні дагавора ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля як істотнай змены абставін, Віктар Каменкоў сказаў, што пакуль такіх спраў няшмат. "На аснове наяўнай судовай практыкі мы зрабілі выснову аб тым, што сам па сабе рост курса замежнай валюты не можа з'яўляцца дастатковай падставай для скасавання дагавора", - адзначыў старшыня ВГС. У такой сітуацыі можна па-рознаму абараняць свае правы, але ВГС не бачыць дастатковых падстаў, каб ставіць у абавязковым парадку пытанне аб скасаванні дагавора, дадаў ён.
Разам з тым, па меркаванні Віктара Каменкова, у кожным канкрэтным выпадку неабходна аналізаваць сукупнасць умоў, якія пазначаны ў арт.421 Грамадзянскага кодэкса Беларусі. У залежнасці ад канкрэтных умоў і будуць прымацца рашэнні па такіх справах.
Спецыялісты прадпрыемстваў Віцебскай вобласці задавалі пытанні, звязаныя з выкананнем дагаворных абавязацельстваў, спагнаннем запазычанасці, а таксама па новым парадку разгляду спрэчак, які прадугледжаны законам Беларусі "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення гаспадарчага судаводства", які ўступіў у сілу з 31 студзеня 2011 года.
Па выніках прыёму, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, Віктар Каменкоў адзначыў, што ў гаспадарчых судах не назіраецца значнага росту колькасці заяў аб банкруцтве, хоць магчыма, што па выніках года і адбудзецца невялікае, на некалькі дзясяткаў, павелічэнне такіх заяў у параўнанні з 2010 годам. Разам з тым у сістэме эканамічнага правасуддзя прагназавалі магчымы рост спраў, звязаных з інфляцыяй, з дэвальвацыяй беларускага рубля, але і гэтага не адбылося. "Сёння мы маем толькі каля 40 спраў, якія звязаны з гэтымі працэсамі", - дадаў Віктар Каменкоў.-0-
БЕЛТА
Рост курса інвалют не можа служыць дастатковай падставай для скасавання дагавора - У.Каменкоў
9.9.20110 праглядаў