8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, прадстаўляючы калектыву Міністэрства эканомікі новага кіраўніка ведамства Аляксандра Чарвякова, абазначыў асноўныя задачы, якія яму трэба будзе вырашыць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Перш за ўсё кіраўнік урада адзначыў, што раней, працуючы ў Мінэканомікі на пасадзе намесніка міністра і першага намесніка міністра, Аляксандр Чарвякоў вёў такія буйныя задачы, як распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года. "Гэта надзвычай важны дакумент для нашай краіны. Тым больш што мы будзем у бліжэйшы час ужо працаваць над праграмай новай пяцігодкі, - сказаў Сяргей Румас. - Тая праца, якая ішла ў рамках НСУР 2035, вядома, будзе пакладзена ў аснову гэтай працы".
"Вы ведаеце тую высокую планку, якую кіраўнік дзяржавы нам задаў: рост ВУП да канца наступнай пяцігодкі павінен скласці да $100 млрд, - адзначыў прэм'ер. - Гэта асноўная задача". Пры гэтым, падкрэсліў Сяргей Румас, гэта павінны быць не проста лічбы, якія пакажуць, што пры росце эканомікі прыкладна на 5% у год гэтая задача можа быць вырашана: усё павінна быць падмацавана канкрэтнымі праектамі. Гэта і экспарт, і інвестыцыі. У праграме пяцігодкі ўсе гэтыя якасныя складнікі выканання пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы павінны быць прадметна распісаны.
Наступная задача, якую абазначыў перад новым міністрам Сяргей Румас, датычыцца развіцця рэгіянальнай палітыкі. "Вы асабіста курыравалі праграму і падрыхтоўку ўказа па Аршанскім раёне. Вы ведаеце, што гэты праект сёння знаходзіцца ў актыўнай працы. Не ўсе палажэнні ўказа пакуль выконваюцца, але гэта прадмет асобнага разгляду", - адзначыў прэм'ер-міністр. Ён нагадаў, што ў канцы студзеня ў кіраўніка дзяржавы адбудзецца нарада па Аршанскім раёне. "Нам усім разам трэба будзе рыхтавацца, глядзець, што не зроблена, дзе трэба прыкласці намаганні, каб нормы гэтага прагрэсіўнага ўказа былі выкананы", - сказаў Сяргей Румас.