24 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Кіраўнік аднаго з падраздзяленняў ААТ "Нафтан" адмовіўся ад хабару ў $40 тыс. і дапамог затрымаць расіяніна-хабарадаўцу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы пракуратуры Віцебскай вобласці Уладзімір Белавус. Кіраўнік адной з камерцыйных фірмаў з Растоўскай вобласці спрабаваў набыць на ААТ "Нафтан" па заніжаным кошце, без тэндэру, чатыры спісаныя халадзільныя ўстаноўкі, у якіх утрымліваліся медныя сплавы. За кожную ўстаноўку ён прапаноўваў па $10 тыс. Настойлівыя і неаднаразовыя просьбы расійскага бізнесмена аб садзейнічанні, нягледзячы на катэгарычную адмову, вымусілі кіраўніка ўпраўлення завода звярнуцца ў органы дзяржаўнай бяспекі па дапамогу. Ужо знаходзячыся пад кантролем супрацоўнікаў падраздзялення ўпраўлення па Віцебскай вобласці КДБ Беларусі, растоўчанін перадаў нафтанаўцу ў якасці авансу суму, эквівалентную $20 тыс. за паспяхова заключаную, на яго думку, здзелку. Пры гэтым, са слоў Уладзіміра Белавуса, нягледзячы на неаднаразовае папярэджанне нафтанаўскага работніка аб тым, што дзеянні бізнесмена незаконныя і пагражаюць крымінальнай адказнасцю, той адказваў яму, што гэта нармальная практыка вядзення спраў у яго краіне. Хабарадаўца быў асуджаны прыгаворам суда Наваполацка па частцы 2 артыкула 431 "Дача хабару" КК РБ і прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі. Касацыйная інстанцыя прыняла да ўвагі прызнанне віны асуджаным, яго сямейнае становішча, стан здароўя і замяніла пазбаўленне волі на штраф у памеры Br35 млн. Штраф быў выплачаны, а хабарадаўца з'ехаў на радзіму.-0-

БЕЛТА