Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама прысвяціла працоўную акцыю памяці вядомага ўраджэнца рэгіёна Пятра Машэрава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аблвыканкаме.

Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама прысвяціла працоўную акцыю памяці вядомага ўраджэнца рэгіёна Пятра Машэрава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аблвыканкаме.

У год 100-годдзя выдатнага дзяржаўнага дзеяча, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава прадстаўнікі аблвыканкама на чале з яго старшынёй Мікалаем Шэрстнёвым правялі суботнік у Расонах. Гэтая зямля дзякуючы Машэраву ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як край партызанскай славы - тут дзейнічала арганізаванае Пятром Міронавічам падполле.

Удзельнікі працоўнай акцыі ўсклалі кветкі да стэлы на месцы расстрэлу падпольшчыкаў і на алеі Славы героям Расоншчыны, якая была адкрыта ў лютым 2018 года да 100-годдзя Машэрава.

Асноўным месцам прыкладання сіл стаў мемарыяльны комплекс гарпасёлка Расоны. Тут вяліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Комплекс быў узведзены ў 1965 годзе на месцы пахавання больш за 2,5 тыс. савецкіх воінаў і партызан. Тут жа спачываюць члены Расонскай падпольнай групы, расстраляныя фашыстамі 16 верасня 1942 года. Тады была забіта і маці Пятра Машэрава - Дар'я Пятроўна.

Мемарыяльны комплекс мае вялікае значэнне для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Штогод тут праходзяць мітынгі да Дня Перамогі, Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта месца наведваюць госці Расоншчыны, сюды прыязджаюць сваякі і былыя саслужыўцы загінулых з Расіі, Казахстана, Узбекістана і іншых краін.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)