IT-сфера – нацыянальны прыярытэт развіцця Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сёння на пленарным пасяджэнні форуму "Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі" ў Алматы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА
IT-сфера – нацыянальны прыярытэт развіцця Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сёння на пленарным пасяджэнні форуму "Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі" ў Алматы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. "Ставячы перад сабой амбіцыйную мэту па стварэнні IT-краіны, мы прынялі выклік па перабудове эканомікі, пераводзе яе на лічбавыя рэйкі, - сказаў Сяргей Румас. - Вызначыўшы IT-сферу нацыянальным прыярытэтам развіцця, дзяржава сфарміравала неабходныя стартавыя ўмовы. У Беларусі створана развітая і адпаведная сусветным стандартам інфраструктура перадачы, захоўвання і апрацоўкі даных, механізмы ідэнтыфікацыі, сучасныя сродкі абароны інфармацыі".
Адным з ключавых у гэтай галіне стаў праект па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных. "На сённяшні дзень цэнтр сертыфікаваны па міжнародных стандартах і забяспечвае найвышэйшы ўзровень бяспекі і адмоваўстойлівасці. Ужо сёння больш за 400 дзяржорганаў і арганізацый ажыццявілі паэтапны пераход на выкарыстанне паслуг рэспубліканскага ЦАД і воблачнай платформы", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Сяргей Румас назваў сярод ужо рэалізаваных у Беларусі праектаў - праграмна-тэхнічны комплекс уліку падатковых рахункаў-фактур. Гэта дазволіла ўвесці па ўсёй краіне электронныя рахункі-фактуры замест папяровых і стварыць дзяржаўную сістэму па іх апрацоўцы, захоўванні, перадачы і прыёме з дапамогай тэхнічных, праграмных сродкаў. Уведзена адзіная аўтаматызаваная сістэма электронных рэцэптаў для Міністэрства аховы здароўя. Такое рашэнне забяспечвае ўніфікаваны бяспечны доступ да баз даных Мінздароўя з любой кропкі Беларусі, што скароціць выдаткі і паскорыць укараненне IT у ахове здароўя. Сістэма міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржаўных органаў дазволіла забяспечыць абмен электроннымі паведамленнямі паміж усімі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі на адзінай платформе.